Аферысты атрымалі ад жадаючых стаць мадэлямі інтымныя фотаздымкі, і пачалі шантажаваць дзяўчат. За 500 долараў яны абяцалі нікому іх не паказваць.
Крымінальная гісторыя пачалася ў снежні мінулага года. Двое хлопцоў спачатку хацелі павесяліцца, а думка падзарабіць з'явіліся пазней, як прызнаюцца затрыманыя. Яны ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» размясцілі аб'явы аб пошуку дзяўчат для работы фотамадэлямі. Патэнцыяльныя кандыдаткі адгукнуліся вельмі хутка, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.
Для далейшых зносінаў з будучымі фотамадэлямі маладыя людзі падрыхтаваліся загадзя: стварылі дзве старонкі з выдуманымі звесткамі. Ад імя Алены Івановай і Андрэя Дубневіча хлопцы сталі актыўна адказваць ахвотніцам патрапіць у шоу-бізнэс.
Падчас віртуальных зносінаў спашукальніцаў папрасілі даслаць тры фоты ў купальніку або ў бялізне і тры фоты ў аголеным выглядзе.
У якасці ахвяр маладыя людзі выбралі дзвюх дзяўчат і танальнасць перапіскі змянілася. Ім падрабязна растлумачылі, што іх інтымныя фоты могуць быць разасланыя сябрам і знаёмым. Пры гэтым прапаноўвалася выйсце з сітуацыі: за 500 долараў маладыя людзі абяцалі, што ўсе фоты ў стылі ню будуць знішчаныя.
Такім паваротам падзей няспраўджаныя фотамадэлі былі шакаваныя: спачатку прасілі пакінуць іх у спакоі. Калі ж шантажысты сталі больш настойлівымі, накіраваліся ў міліцыю.
Падчас правядзення комплексу вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Партызанскага РУУС устанавілі і затрымалі абодвух шантажыстаў. Цяпер распачатая крымінальная справа па падазрэнні ў вымагальніцтве, учыненым групай асоб. Старонкі Алены Івановай і Андрэя Дубневіча выдаленыя з сацыяльнай сеткі, кампраметуючыя фотаздымкі знішчаны.
Разам з гэтым у міліцыі мяркуюць, што ў гэтай гісторыі могуць быць і іншыя пацярпелыя.





