МЗС Расіі заклікае стварыць міжнародную групу «дапамогі Украіне», якая павінна зрабіць з Украіны пазаблокавую федэрацыю без Крыму з дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Пра гэта гаворыцца ў заяве расейскага МЗС, дзе агучаны прапановы РФ.
Расія ў чарговы раз запэўніла, што яна не датычная да сітуацыі ў Украіне, якая «з'яўляецца вынікам глыбокага крызісу ўкраінскай дзяржавы, што прывёў да палярызацыі грамадства і рэзкіх абвастрэнняў антаганізму паміж рознымі часткамі краіны».
Для пераадолення гэтага «ўнутранага канфлікту» Расія прапануе стварыць групу падтрымкі для Украіны.
Расія прапануе гэтай групе заняцца выкананнем дамоўленасцяў 21 лютага, а менавіта: здачай «незаконнай зброі», вызваленнем будынкаў і вуліц, расследаваннем смерцяў у Кіеве.
Таксама «без прамаруджвання склікаць па рашэнні Вярхоўнай Рады канстытуцыйны сход з роўным прадстаўніцтвам усіх украінскіх рэгіёнаў для падрыхтоўкі новай федэратыўнай канстытуцыі».
Гэтая канстытуцыя, паводле меркавання Расіі, павінна замацаваць федэратыўны лад Украіны, яе ваенна-палітычны нейтралітэт, дзяржаўны статус рускай мовы, абарону правоў чалавека і ўсіх меншасцяў, выбарнасць мясцовай улады і неўмяшальніцтва ў справы царквы.
МЗС РФ мяркуе, што такую канстытуцыю варта зацвердзіць на ўсеўкраінскім рэферэндуме.
Пасля гэтага Расія хоча агульных і мясцовых выбараў «органаў заканадаўчай і выканаўчай улады ў кожным суб'екце федэрацыі».
Асобна Расія настойвае на тым, каб група заявіла, што «прызнаецца і паважаецца права Крыму вызначыць свой лёс паводле вынікаў свабоднага волевыяўлення яго насельніцтва ў ходзе праведзенага 16 сакавіка 2014 рэферэндуму».
Расія зноў прапануе, каб ужо новую тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны гарантавалі: Расія, ЕС і ЗША праз рэзалюцыю СБ ААН.





