Кацярына Губарава — жонка так званага «народнага губернатара Данбаса» Паўла Губарава, якога «абралі» на гэту «пасаду» яго ж прыхільнікі з Народнага апалчэння Данбаса на мітынгу і які пасля быў затрыманы органамі правапарадку па абвінавачванні ў сепаратызме і арганізацыі масавых беспарадкаў, выступіла са зваротам, у якім адхрысцілася ад апошніх дзеянняў прарасійскіх мітынгоўцаў.

Нагадаем, Павел Губараў быў непасрэдным арганізатарам і ўдзельнікам двух штурмаў Данецкай аблдзяржадміністрацыі. Пасля яго арышту прыхільнікі працягвалі праводзіць акцыі, патрабуючы вызвалення свайго лідара. У нядзелю, 16 сакавіка, у Данецку былі захопленыя аблпракуратура, упраўленне Службы бяспекі і будынак карпарацыі Індустрыяльны саюз Данбаса.

Падчас сутыкненняў паміж прарасійскімі і праўкраінскімі мітынгоўцамі 13 сакавіка быў забіты актывіст «Свабоды» Дзмітрый Чарняўскі.

«Карыстаючыся адсутнасцю Паўла, — сказала Кацярына Губарава, — многія радыкальныя элементы, многія правакатары, прыкрываючыся яго імем, спрабуюць узяць народны пратэст на сябе і адвесці яго ў бок пагромаў і разбурэнняў. Я хачу вас запэўніць: Павел ніколі не ставіў перад намі такіх задач. Мы не нацысты, мы не руйнуем свой горад, мы не забіваем людзей. На сёння запланаваны шэраг мерапрыемстваў у Данецку. Я звязалася з іх арганізатарам — з Робертам Доням. І хачу сказаць, што ён выйшаў з нашых шэрагаў, з Народнага апалчэння Данбаса. Зараз у яго свая арганізацыя. і ўсю адказнасць за правядзенне гэтых мерапрыемстваў, за тое, як яны будуць праходзіць, і якія вынікі ён ад гэтага атрымае, ён бярэ на сябе…».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?