А 14-й анлайн-трансляцыя паслання Пуціна перад Федэральным сходам у Георгіеўскай зале Крамля ў Маскве.

У запрошаных у Крэмль на грудзях прычэпленыя вялікія георгіеўскія стужкі. Зала сустрэла Пуціна авацыяй.

Пуцін пачаў з апавядання пра тое, што ў Крыме звязанае з расійскай гісторыяй. Ён сказаў, што ў Крыме з 2,2 мільёна насельнікаў 1,5 мільёна рускіх. Паводле апошняга перапіса, іх было, праўда толькі 58%.

Асаблівую ўвагу Пуцін надаў крымскім татарам. Паабяцаў ім «канчатковую рэабілітацыю». Паабяцаў, што ў Крыме будзе тры дзяржаўныя мовы: расейская, украінская, крымскататарская.

Пуцін заявіў, што бальшавікі пры СССР несправядліва перадалі Украіне неўкраінскія тэрыторыі: цяперашні поўдзень і ўсход Украіны.

«Калі Крым апынуўся ў іншай дзяржаве, Расія адчула, што яе абрабавалі. Крымчан перадалі з рук у рукі, як мех бульбы». «Мільёны рускіх леглі спаць у адной краіне, а прачнуліся ў іншых. Рускі народ стаў самым вялікім падзеленым народам у свеце». Пуцін кажа, што людзі спадзяваліся, што СНД будзе новай формай адзінай дзяржаўнасці, а так не сталася.

«Адносіны з братнім украінскім народам былі і будуць для нас ключавымі», — кажа Пуцін. «Пагаджаючыся на дэлімітацыю мяжы з Украінай, мы прызнавалі яе межы», — прызнае Пуцін. Кажа, што паскорыў дэлімітацыю мяжы на просьбу Кучмы на пачатку 2000-х.

«Аднак сітуацыя стала развівацца па-іншаму, — наракае Пуцін. — Рускія пакутавалі ад перманентнага палітычнага крызісу. [Украінская] ўлада дастала, апастылела грамадзянам Украіны», — кажа Пуцін. «Мільёны ўкраінцаў працавалі на падзённых заробках за мяжой. Добра разумею тых, хто з мірнымі лозунгамі выйшаў на Майдан», — двойчы сказаў Пуцін. — «Але тыя, хто стаяў за апошнімі падзеямі, мелі іншыя мэты. Яны хацелі ажыццявіць дзяржаўны пераварот». Ён абвінавачвае ў гэтым нацыстаў, экстрэмістаў, антысемітаў. Узгадвае пра адмену закона аб рускай як рэгіянальнай мове. Кажа, што адмяніць яго змусілі апекуны новай улады Украіны на Захадзе.

«Нават трапіць на прыём да некаторых з новых міністраў цяпер можна толькі з дазволу баевікоў Майдану».

Вось каб не пакінуць жыхароў у Крыме ў бядзе, і ўмяшалася Расія, кажа Пуцін. «Мы павінны былі забяспечыць крымчанам магчымасць для свабоднага волевыяўлення».

«Узброеныя сілы Расіі не ўваходзілі ў Крым, яны і так ужо знаходзіліся там згодна з міжнароднай дамовай. Мы нават не перавысілі колькасці, вызначанай дамовай, — 25 тысяч чалавек».

Пуцін кажа, што крымчане ўчынілі тое самае, што і сама Украіна ў 1991-м. Ён спасылаецца таксама на косаўскі прэцэдэнт. Прыводзіць шматлікія цытаты з дакументаў ААН і Міжнароднага суда па Косаве. «Самі напісалі, раструбілі на ўвесь свет, нагнулі ўсіх, а цяпер абураюцца», — кажа Пуцін на адрас ЗША і Еўрасаюза. «Мы чуем, што Косава было асаблівым выпадкам, што там было шмат людскіх ахвяраў. Але гэта што — юрыдычная падстава? Што, трэба даводзіць кожны канфлікт да людскіх ахвяраў? Калі б не сілы самаабароны Крыма, там таксама былі б ахвяры», — сцвярджае ён.

Дзякуе тым вайскоўцам Украіны, якія не пайшлі на кровапраліццё і не заплямілі рук крывёй. Кажа, што там была не інтэрвенцыя, бо не было чалавечых ахвяраў.

«Пасля знікнення біпалярнай сістэмы ў свеце не стала стабільнасці. Заходнія партнёры кіруюцца правам моцнага, выбудоўваюць кааліцыі па прынцыпе «Хто не з намі, той супраць нас». Так было ў Югаславіі ў 1999 годзе. Пасля былі Афганістан і Ірак і адкрытае парушэнне рэзалюцыі ААН па Лівіі. Была і чарада каляровых рэвалюцый. Гэтым краінам навязвалі стандарты, якія не адпавядалі традыцыям і культуры гэтых народаў. У выніку арабская вясна змянілася арабскай зімой. Такое было і ва Украіне, калі ў 2004 годзе прыдумалі трэці тур выбараў, каб правесці празаходняга кандыдата. А цяпер падрыхтавалі цэлую армію баевікоў. І гэта ў той час, калі Расія шчыра імкнулася да дыялогу з заходнімі партнёрамі. Але мы не бачылі крокаў насустрач. Так было і з пашырэннем НАТА на ўсход, з размяшчэннем інфраструктуры каля нашых межаў. Так было і з разгортваннем проціракетнай абароны», — кажа Пуцін.

Нам пагражаюць санкцыямі, але мы і так жывём у такой сітуацыі, расказвае Пуцін. Кажа, што Захад па-ранейшаму нефармальна забараняе прадаваць у Расію сучасныя тэхналогіі. «Палітыка стрымлівання Расіі, якая ажыццяўлялася ў ХІХ і ХХ ст., працягваецца», — мяркуе Пуцін. Але ва Украіне заходнія партнёры перайшлі мяжу, кажа ён.

«Калі пераціснуць спружыну, яна ўрэшце расціснецца», — пагражае ён.

Пуцін дзякуе Кітаю і Індыі за іх разуменне сітуацыі.

Звяртаецца да народу ЗША. «Хіба імкненне жыхароў Крыма да свабоды — гэта не тая самая каштоўнасць, якой кіруецеся вы?»

Трэцімі звяртаецца да Еўропы. Нагадвае, што Расія падтрымала імкненне немцаў да нацыянальнага адзінства. Спадзяецца, што «грамадзяне Германіі падтрымаюць імкненне рускага міру да адзінства». Доўгія апладысменты.

Звяртаецца да ўкраінцаў. «Не верце тым, хто страшыць вас Расіяй. Нам падзел Украіны не трэба. Што датычыць Крыма, то ён будзе родным домам для ўсіх народаў, якія там жывуць. Але ён ніколі не будзе бЕндэраўскім». Яшчэ больш працяглыя апладысменты.

«Гэтая стратэгічная тэрыторыя павінна быць пад моцным, устойлівым суверэнітэтам, які па факце можа быць толькі расійскім сёння». Апладысменты. «Інакш мы можам зусім страціць Крым у нядоўгай перспектыве».

Кажа, што «калі б не выбар крымчан», то Крым мог бы аказацца ў НАТА, бо пра гэта гавораць у Кіеве. «Мы супраць таго, каб НАТА гаспадарыла на нашых гістарычных тэрыторыях».

«Мы не проста суседзі, мы практычна адзін народ», — кажа ён украінцам. «Ва Украіне жывуць мільёны рускіх і рускамоўных грамадзян, і Расія заўжды будзе іх абараняць».

«Мы хочам, каб на зямлю Украіны прыйшлі мір і згода», — кажа ён.

«Жыхары Крыма, менавіта вы вырашылі лёс Крыма», — звяртаецца ён. «Народ Расіі паказаў сваю сілу і згуртаванасць».

«Мы яўна сутыкнёмся і з замежным процідзеяннем», — папярэджвае ён. Згадвае пра «пятую калону», «нацыянал-здраднікаў» і кажа, што Расія дасць адпор любым пагрозам сабе.

Хваліць аўтараў крымскага рэферэндуму за жорсткую і дакладную фармулёўку пытання. «І людзі ясна выказалі сваю волю», — кажа ён. Пазіцыя абсалютнай большасці грамадзян Расіі відавочная, кажа і ён і спасылаецца на вынікі сацыялагічных апытанняў. Кажа, што 92% грамадзян выступаюць за далучэнне Крыма да Расіі. «Такім чынам, абсалютная большасць і жыхароў Крыма, і жыхароў Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць далучэнне Крыма да Расіі». Бурныя авацыі.

«Абапіраючыся на волю народа, уношу на разгляд Федэральнага сходу пытанне аб прыняцці з склад Расіі Крыма і горада Севастопаля», — каж Пуцін. Працягваецца авацыя. Крыкі «Ура», скандаванне «Расія».

Дыктар абвяшчае, што праз некалькі хвілін адбудзецца цырымонія падпісання дакументаў аб анексіі Крыма, просіць заставацца на месцах.

Падпісваецца дамова. Тэкст чытае легендарны савецкі дыктар Кірылаў. Іграе расійскі, былы савецкі, гімн. Зала скандуе «Расія!»

Такім чынам, менш за 30 дзён заняло Расіі далучэнне Крыма. 22 лютага прарасійскі прэзідэнт Віктар Януковіч збег з Кіева, што паўстаў супраць яго. У той жа дзень адбылося пасяджэнне Рады Бяспекі Расіі, на якім, імаверна, быў запушчаны сцэнар расколу Украіны. 26—28 лютага расійскія сілы занялі будынкі парламента і ўрада Крыма, аэрапорты і асноўныя аб'екты інфраструктуры і заблакавалі ўкраінскія вайсковыя часці. «Рэферэндум» правялі ў рэкордна кароткі тэрмін — 16 сакавіка, каб не даць Украіне і свету часу на рэагаванне. А сёння, 18 сакавіка працэдура аншлюсу закончана.

Поўны тэкст звароту Пуціна чытайце на афіцыйным сайце прэзідэнта РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0