Праглядзеў на «Белсаце» «Размову са Святланай Калінкінай», у якой браў удзел, і, як яно часцяком здараецца «пасля бойкі», застаўся вельмі незадаволены: тое не сказаў, тое недаказаў, тое сказаў не так, а нешта і ўвогуле сказаў не тое…

Што праўда, тэма была даволі складаная — інфармацыйныя войны. На пытанне, ці ёсць пераможцы ў сённяшняй інфармацыйнай вайне паміж Расіяй і Украінай, я адказаў, што пераможцаў няма, спрэс ахвяры. І памыліўся. Ну, вось, да прыкладу — ці можна лічыць ахвярамі журналістаў партала Lenta.ru, якія не пажадалі ўдзельнічаць у інфармацыйнай вайне з Украінай, далі слова «фашысту» і салідарна са сваёй звольненай галоўнай рэдактаркай сышлі, так бы мовіць, з поля бою?

А вось іншае пытанне: ці можна лічыць пераможцамі тых дзеячаў расійскай культуры, што «цвёрда» заявілі «аб падтрымцы пазіцыі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па Украіне і Крыме»

Ці перамога гэта — паставіць сваё, паважанае нават у свеце, імя побач з папсовымі зоркамі, чые «думкі» — што «скакуны»?

Карэн Шахназараў, адзін са знакамітых падпісантаў, сцвярджае, што не ведаў, хто яшчэ падпісаў, увогуле яго гэта мала цікавіла, бо тэкст, які яму прачыталі па тэлефоне, цалкам адпавядаў ягонай уласнай пазіцыі.

Нішто сабе «ўласная пазіцыя», якую фармулююць чыноўнікі з Міністэрства культуры!

Не, ніякай «уласнай пазіцыі» ў тым тэксце няма.

З насамрэч уласнай пазіцыяй, калі яна не мяжуе з ксенафобіяй, шавінізмам, расізмам і заклікам да вайны, можна заставацца нязгодным, але паставіцца да яе з павагай. Як, напрыклад, да «імперскай» пазіцыі Іосіфа Бродскага ў вершы «На независимость Украины», што быў напісаны на пачатку 90-х і па зразумелай прычыне б’ецца сёння, нібы жывая істота, у сацыяльных сетках. Смешна і прыкра, калі некаторыя маладзёны, і не вельмі, «адракаюцца» ад некалі любімага паэта. Але «імперская» крыўда, «імперскі» боль паэта — гэта не «боль» імперскага палітыка.

«…Вашего хлеба, неба, нам, подавись мы жмыхом и колобом, не треба…» 

Пуціну — трэба…

Гэтую «пазіцыю прэзідэнта» падтрымліваюць «дзеячы культуры Расіі»? Пазіцыю, якая да іх жадання, «каб супольнасць нашых народаў і нашых культур мела трывалую будучыню», не датычыцца ані з ніякага боку.

Нішто сабе «супольнасць» — праз прыніжэнне нацыянальнай годнасці, разбэшчаную прапаганду і дрэнна прыхаванае злачынства, то бок анексію чужой тэрыторыі…

Уся гэтая «падтрымка прэзідэнта» з’явілася ўжо пасля запісу згаданай «Размовы…». Але як прадчувалася — пытанне пра расійскую інтэлігенцыю ўзнікла зусім натуральна. У тым сэнсе, што, у адрозненне ад недасведчанага электарата, ачмурыць яе лепшых прадстаўнікоў Вялікай Хлуснёй амаль немагчыма…

Так, немагчыма.

Што, Алег Табакоў не здольны адрозніць прапагандысцкую лухту, якая памыямі льецца з дзяржаўных тэлеканалаў, ад таго, што адбываецца насамрэч?

Што, Уладзімір Співакоў так аглух, што ўжо не чуе фальшывасці пуцінскага, так бы мовіць, аркестра?!

Што, Павел Лунгін, які фільмам «Цар» вынес ці не самы суворы прысуд апрычніне і яе венцаносным завадатарам, не бачыць, як штодня адраджаецца сталіншчына?!

Між тым, што праўда — лепшыя прадстаўнікі, эліта, краса нацыі…

Якое ж, па словах Аляксандра Сакурава, найшло на іх «страшэннае зацьменне»?

Здагадак, тлумачэнняў шмат — ад «імперскага мыслення» да страху згубіць дзяржаўнае фінансаванне сваіх тэатраў, аркестраў, музеяў… Заўважана, што амаль кожны з падпісантаў — той ці іншы начальнік…

Але зацьменне таму і зацьменне, што не падлягае спектраграфічнаму аналізу. Яно цалкам чорнае. І гэты колер мае генетычнае паходжанне — ад часоў, калі адных дзеячаў культуры ставілі да сценкі, а іншыя пляскалі ў далоні…

Вось такая «ўласная пазіцыя», якая нават і зместам, і формай нагадвае пратаколы допытаў, пад якімі следчыя НКВД вымагалі калісь подпісы Ліхачова і Меерхольда…

Сёння, дзякуй Богу, за адмову ставіць подпіс у падтрымку ўлады не расстрэльваюць, а за подпісы даюць грошы і вешаюць ордэны. Але кары, сапраўднай кары, усё адно не пазбегнуць.

Свой першы журналісцкі досвед я набываў з нататкі пра сельскага настаўніка. Памятаю, як трымцеў, калі на дрыготкіх нагах нёс яе да першага намесніка галоўнага рэдактара першай у маім жыцці газеты. Праз некалькі хвілін нататка вярнулася да мяне з разадранай чырвоным алоўкам старонкай. Я не ведаў яшчэ, што слова «інтэлігент» было ў таго газетнага ваўкадава пад забаронай.

Што ж, расійская гісторыя пацвердзіла рацыю чырвонага алоўка, які раздзірае яе старонкі і выкрэслівае з рускай мовы слова «інтэлігент».

P.S. Пакуль я з адчаем намагаўся зразумець учынак адных дзеячаў культуры, з’явіліся іншыя, не менш знакамітыя. І звярнуліся з заклікам правесці Кангрэс інтэлігенцыі «Супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расіі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму».

Нарэшце…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?