Кіраўніцтва футбольнага клуба «Мінск» выступіла з заявай «Мы супраць насілля!», у якой выказала занепакоенасць дзеяннямі супрацоўнікаў АМАПа на матчы за Суперкубак Беларусі ў сталічным футбольным манежы.

«Мы асуджаем неапраўданае прымяненне сілы з боку супрацоўніка АМАП у дачыненні да заўзятара футбольнага клуба «Мінск», які па першым патрабаванні супрацоўніка АМАП выйсці з сектара падпарадкаваўся. Нягледзячы на гэта, на вачах дзяцей да яго была прымененая грубая сіла: яго ўдарылі аб рэкламную канструкцыю і аб дзвярное шкло», — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, кіраўніцтва клуба «лічыць неабходным звярнуць увагу на стаўленне супрацоўнікаў АМАП да дзяцей на стадыёне.

«Падчас правядзення матча сярод актыўных заўзятараў ФК «Мінск» выказалі жаданне знаходзіцца дзеці 8-9 гадоў, у тым ліку выхаванцы ФК «Мінск». На працягу першага тайма яны арганізавана падтрымлівалі каманду, захоўваючы парадак і выконваючы прадпісанні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Аднак у перапынку было аддадзена распараджэнне не выпускаць актыўных балельшчыкаў ФК «Мінск» з іх месцаў (не перакусіць, не схадзіць у прыбіральню), што не было растлумачана дзецям, якія знаходзіліся сярод актыўных заўзятараў упершыню».

«Замест гэтага ў іх адрас быў выкарыстаны грубы тон і выказванні, што, відавочна, адмоўна абілася на псіхалагічным стане маладых заўзятараў».

«Дзякуючы ўдзелу супрацоўнікаў ФК «Мінск» і разуменню аднаго з супрацоўнікаў АМАП дзецям усё-такі было дазволена пакінуць свае месцы ў перапынку, аднак у другім тайме ні адзін з іх больш не балеў за сваю каманду», — адзначаецца ў заяве.

«Такая сітуацыя выклікае вялікую трывогу ў кіраўніцтва ФК «Мінск», адной з асноўных задач у якога з'яўляецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і моладзі, а таксама пашырэнне сфер іх культурнага вольнага часу», — падкрэсліваюць аўтары.

Сітуацыя, якую апісвае футбольны клуб «Мінск», узнікла ўсяго толькі праз тры дні пасля семінара па бяспецы пры правядзенні матчаў з удзелам прадстаўнікоў МУС, ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, МНС, заўзятараў, які прайшоў у федэрацыі футбола.

Праблема нядопуску заўзятараў у прыбіральню ўзнікае ў футбольным манежы ўжо не першы раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?