Як паведаміў парталу TUT.BY намеснік пракурора г. Мінска Аляксандр Равуцкі, абвінавачаная так і не прызнала віны.

Намеснік пракурора Мінска расказаў, што абвінавачаная напісала хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці на імя Аляксандра Лукашэнкі. Аднак зварот быў пакінуты Адміністрацыяй прэзідэнта без разгляду праз невыкананне абавязковай умовы для прашэння — пакрыцця шкоды, нанесенай у выніку злачынных дзеянняў.

Нагадаем, дырэктар за кошт прадпрыемства арганізавала закупку спецыяльных тэхнічных сродкаў — каля двух дзясяткаў падслухоўвальных прыладаў, якія па яе распараджэнні былі ўсталяваныя ў службовых кабінетах кіраўнічага персаналу фабрыкі.

Цяпер Таццяну Селіх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 376, ч. 3 арт. 424, ч. 2 арт. 203 Крымінальнага кодэкса РБ. Гаворка ідзе аб арганізацыі незаконнага збыту спецсродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі; злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў асабістых інтарэсах, што пацягнула нанясенне шкоды прадпрыемству ў асабліва буйных памерах, а таксама аб наўмысным парушэнні таямніцы тэлефонных і іншых перамоваў.

Шкоду ацанілі ў 202 мільёны рублёў.

Абвінавачаная віны не прызнае, у ходзе расследавання адмовілася ад супрацоўніцтва з органам крымінальнага пераследу, а таксама, паводле інфармацыі СК, рабіла спробы перашкаджаць дзеянням следчых.

Як паведаміў прадстаўнік пракуратуры сталіцы, пацярпелымі па справе праходзяць асобы, у дачыненні да якіх было парушанае права на таямніцу тэлефонных і іншых перамоваў.

Да абвінавачванай яшчэ ў канцы снежня 2013 г. была прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Цяпер яна знаходзіцца ў следчым ізалятары Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?