…Майдан перамог у цябе на вачах, а ты застаўся такім самым, якім і быў
Алена Георгіеўская

Дарагі расіянін, бітву каля гастранома
Загадзя ты прайграў — нават не выйшаўшы з комы.
Вочы хоць залівай, хоць разбівай вітрыны —
Знікла радзіма ў цябе, а пагатоў — Украіна.

Быў без цябе Майдан, ты не стаяў там замерзлы —
Ты карані пускаў дома ва ўтульнае крэсла,
Алімпіядаю цешыў рэцэптары недалёкія,
Штучным хімічным снегам горла заткнуўшы й лёгкія.

Цябе паханы твае па самае сэрца надзьмулі,
Якое ты ні разу не падстаўляў пад кулі;
Сноў тваіх не псавалі кубаметры агню і дыму —
Што ж, калупай відэльцам мязгу чарвівую Крыма.

Мёд не салодкі табе, што па ТВ ад ранку —
Ты атрымаў па зубах кіеўскай брукаванкай
Там, дзе над плошчай узімку, па-над крамай і барам,
Сонца гарэла ўвесь час проста ў бензінавай пáры.

Ты ж колісь бітнікам быў і валацугам-анёлам,
Працу любую рабіў — п’яным заўжды і вясёлым.
Побач не сеў бы с…ць з гаспадарамі дамена —
Тымі, што вераць, што ім мора Чорнае па калена.

Ну, а цяпер, калі ты ўжо ў два разы старэйшы,
Роднай пяхоты марш стаў для цябе наймілейшы;
Вечны студэнт-ананіст, гэтакім ціхім парадкам,
Што ты пакінеш цяпер каханым сваім і нашчадкам?

…Я гэта кажу сабе й нанач гляджуся ў люстэрка:
Цені, як трупныя плямы, там на вадзе не меркнуць —
Моўчкі ляжаць яны на развалінах чалавека,
Спісанага ў тыраж на пачатку новага веку.

Марам, размовам тым, песнямі бардаў расквечаным,
Я затыкаю рот цяпер трыкалёрам скамечаным.
Адно толькі шыхт трымаць старанна імкнуся, таму што
Ў жылах маіх струменіць спраўна партвейн «Алушта».

Шпацыраваць у шыхце, можа, і знікне мода,
Перш чым у ложку смерць дасць нам, «героям», нагоду
Ўбачыць канец усяго — часу, цярпення, грошай,
Лекаў, дажджу й радкоў нечай паэмы харошай.

Каб нам працверазець, неяк з іголак злезці
І маніторы слязьмі здолець прамыць нарэшце,
Трэба, каб наш карабель — пэўна, што філасофскі —
Пусціла падлодка на дно з назвай «Іосіф Бродскі».

Пераклаў з расійскай Лявон Баршчэўскі.

***
Ігар Бялоў (нар. у 1975 г. у Ленінградзе) — расійскі паэт, сябра Рускага ПЭН-цэнтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0