Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк не выключае, што кошт расійскага газу для Украіны з 1 красавіка складзе $500 за 1 тыс куб м.

«З першага красавіка Расія з-за таго, што яна ажыццявіла ўзброенае рабаванне Украіны і такім чынам фактычна знішчыла нашы двухбаковыя дамовы, хоча ўзняць цану для Украіны на газ фактычна ў два разы. Гаворка ідзе пра кошт каля 500 даляраў за тысячу кубічных метраў», — заявіў ён у прамым эфіры тэлеканала «1 +1» у пятніцу вечарам.

Пры гэтым кіраўнік урада адзначыў, што Украіна не можа адмовіцца ад куплі газу ў РФ па такой цане, «таму што за апошнія некалькі гадоў нічога не было зроблена ў плане дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў».

«Мы застаемся на тым, што нам усё роўна давядзецца закупляць у Расіі па $500 за тысячу кубаметраў значную частку газу», — падкрэсліў Яцанюк.

Паводле яго слоў, РФ «наўмысна падымае без якіх-небудзь падстаў удвая цану на газ для таго, каб падняць у першую чаргу цэны для насельніцтва».

«Нам трэба рыхтавацца да ўзняцця коштаў на энерганосьбіты. Зараз я распрацоўваю схему, якім чынам мы будзем гэта рабіць… Мы думаем пра тое, як не павышаць цэны для малазабяспечаных «, — сказаў прэм'ер.

Вярнуўшыся да пытання аб дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў, ён згадаў рэверсны паток газу з краін ЕС.

«Але для таго, каб гэты рэверс забяспечыць, неабходна рашэнне адной краіны — члена Еўрапейскага Саюза, якая, на вялікі жаль, мае таксама значную залежнасць ад Расіі, і Расія цісне таксама і на краіны — члены ЕС. Калі мы даможамся таго, каб рэверс усё ж такі адбыўся, цана на той еўрапейскі газ будзе на $100-150 меней, чым цана расейскага газу», — адзначыў Яцанюк.

 У той жа час, паводле яго слоў, «Расія аб гэтым ведае і таму далей будзе ціснуць».

«Таму ў планах ўрада павелічэнне ўласнай здабычы: калі мы інвестуем ва ўласную здабычу, дадаткова мы можам павялічыць аб'ёмы на 30%».

Акрамя таго, прэм'ер заявіў аб намеры «павялічваць электраэнергетыку ў энергетычным складніку». Ён таксама нагадаў аб магчымасці здабычы сланцавага газу «пры захаванні ўсіх экалагічных нормаў».

 «Ці можна гэта зрабіць за дзень? Нельга. Ці трэба гэта рабіць ужо цяпер? Так — гэта трэба было рабіць ужо пазаўчора», — рэзюмаваў Яцанюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?