Ваенная агрэсія Расеі ва Ўкраіне — самы сур’ёзны крызіс у Эўропе ад падзеньня Бэрлінскага муру, заявіў у пятніцу генэральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн.

Пастаўленае пад сумнеў усё нашае бачаньне цэласнай, свабоднай і мірнай Эўропы, сказаў ён, выступаючы на «Брусэльскім форуме» — штогадовай сустрэчы ўплывовых эўрапейскіх і паўночнаатлянтычных палітычных, дзелавых і інтэлектуальных лідэраў пад эгідай Нямецкага фонду Маршала.

Паводле яго слоў, гэтая агрэсія — не ізаляваны інцыдэнт. Гэта ўжо элемэнт паводзінаў Расеі — чыніць ваенны ціск і пакідаць замарожаныя канфлікты па суседзтве з НАТА: Прыднястроўе, Паўднёвая Асэтыя, Абхазія, а цяпер і Крым.

Усе гэтыя крызісы аб’ядноўвае «адна вялікая краіна, якая аднабакова вырашыла перапісаць міжнародныя нормы — за адзін дзень і самастойна, — і зноў стварыць лініі падзелу ў Эўропе праз 25 гадоў пасьля таго, як свабодныя народы Эўропы сьцерлі іх», — сказаў Расмусэн.

Паводле кіраўніка НАТА, «мы спадзяваліся, што гэтыя рэвізіянісцкія паводзіны засталіся ў 19-м стагодзьдзі, а цяпер бачым іх вяртаньня ў 21-м». «Яны грунтуюцца на канфрантацыі, а не на супрацы, і ўяўляюць рэальную пагрозу сусьветнаму парадку, які грунтуецца на нашых каштоўнасьцях і правілах, якія мы ўсе дамовіліся паважаць», — сказаў ён.

Таму, сказаў генэральны сакратар NATO, «нам неабходна даць адказ — зараз і на будучыню».

Ён бачыць тры прыярытэты: першы — пацьвердзіць прыхільнасьць прынцыпу калектыўнай абароны: другі — узмацніць падтрымку Ўкраіны і ўсяго рэгіёну, і трэці: даць дакладна ведаць, што з Расеяй ужо нельга весьці справы, як звычайна.

Што тычыцца падтрымкі Украіны, то, паводле кіраўніка НАТА, гаворыцца аб інтэнсіфікацыі палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва зь ёй, а менавіта: падтрымка трансфармацыі Узброеных сілаў Украіны ў сучасную і эфэктыўную структуру, якая была б сур’ёзным сродкам стрымліваньня і здольнай забясьпечыць абарону ад ваенных пагроз; паляпшэньне здольнасьці Узброеных сілаў Украіны дзейнічаць сумесна з узброенымі сіламі краін НАТА, узмацненьне ўдзелу ў вучэньнях НАТА.

Што тычыцца стасункаў з Расеяй, сказаў Расмусэн, то Масква цяпер кажа і вядзе сябе больш як праціўнік, а не як партнэр. «Гэта не наш выбар. І гэта вельмі турбуе і ставіць пад сумнеў самі асновы нашага супрацоўніцтва з Расеяй», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, саюз НАТА ўжо адмяніў бягучыя мерапрыемствы з Расеяй на больш нізкім узроўні і зараз праглядае ўвесь спэктар супрацы зь ёй, каб міністры замежных справаў краін Паўночнаатлянтычнага саюзу прынялі належныя рашэньні на сустрэчы празь дзесяць дзён.

Але трэба глядзець і ў будучыню, дадаў кіраўнік НАТА, — бо цяперашні крызіс мяняе правілы гульні і падрывае сусьветны парадак, заснаваны на гэтых правілах.

Сярод таго, што неабходна зрабіць, Расмусэн назваў стратэгічным трансатлянтычным прыярытэтам дывэрсіфікацыю энергазабесьпячэньня і зьмяншэньне залежнасьці Эўропы ад расейскіх энэрганосьбітаў.

«І будзьце ўпэўненыя: у сьвеце, які зьмяніўся, саюз НАТА застаецца напагатове», — заявіў Андэрс Фог Расмусэн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?