Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за чатыры дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прагаласавалі ўжо 1 млн 737 тыс. 16 чалавек, або 24,92% ад агульнай колькасці беларускіх выбаршчыкаў.

Датэрміновае галасаванне пачалося 18 сакавіка і завяршаецца сёння.

Найбольш актыўна галасуюць у Гомельскай (26,02%) і Віцебскай (25,95%) абласцях, а таксама ў Мінску (25,88%). У Магілёўскай вобласці датэрмінова прагаласавалі 25,43% выбаршчыкаў, у Мінскай — 24,38%, у Брэсцкай — 23,57%. Найменшая яўка выбаршчыкаў назіраецца ў Гродзенскай вобласці — 22,63%. 

На паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Новабеліцкай акрузе № 36 прагаласавалі 18,34% выбаршчыкаў.

Варта зазначыць, што з кожным днём галасавання яўка выбаршчыкаў была большай, чым у папярэдні дзень. Так, у першы дзень датэрмінова прагаласавалі 3,82% выбаршчыкаў, другі — 5,99%, трэці — 6,99%, чацвёрты — 8,12%.

Прадстаўнікі апазіцыі неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць адмены ці абмежавання датэрміновага галасавання. Паводле іх звестак, менавіта ў час датэрміновага галасавання магчымыя масавыя фальсіфікацыі — напрыклад укідаванне ці замена бюлетэняў у начны час, калі назіральнікі не маюць магчымасці сачыць за захаванасцю скрыняў для галасавання. Апрача таго, паводле звестак незалежных назіральнікаў і праваабаронцаў, падчас датэрміновага галасавання ўлады актыўна задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс, каб павялічыць яўку выбаршчыкаў за кошт студэнтаў, ваеннаслужачых, работнікаў дзяржустаноў.

Незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заяўляюць пра масавыя парушэнні заканадаўства падчас цяперашняй выбарчай кампаніі. Самыя распаўсюджаныя з іх: прымушэнне да датэрміновага галасавання, завышэнне яўкі выбаршчыкаў, стварэнне перашкод у працы незалежных назіральнікаў. 

Асноўны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 23 сакавіка. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00.

Выбары праходзяць у 1.328 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18.816 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя больш як 22 тысячы чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?