У краіне застаюцца толькі некваліфікаваныя кадры, заявіў старшыня ГА «Беларускі саюз архітэктараў» Аляксандр Корбут.

Пра неспрыяльныя ўмовы, у якіх вымушаныя сёння працаваць беларускія архітэктары, А. Корбут расказаў на форуме «Будаўнічы рынак Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы». Па словах старшыні грамадскага аб'яднання, у 1991 годзе ў Беларусі было 12-14 тысяч праектавальнікаў. Іх колькасць не памянялася і сёння, а аб'ём работ вырас у 10 разоў. Пры гэтым кошт праектных работ упаў у 2,5-3 разы.

«Калі мы мелі 8-10 гадоў таму кошт праектных работ ад 5 да 10 працэнтаў ад кошту аб'екта, то сёння гэта 1,5-2%. Усе найлепшыя розумы, усе нашы найлепшыя беларускія розумы, якіх мы тут выгадавалі, яны з'ехалі ў Расію. Ім ужо нават не трэба ехаць туды. Сёння электронная пошта дазваляе не ездзіць у Маскву, а сядзець у Мінску і атрымліваць заказы і грошы адтуль. Вось што нас турбуе. Мы выхоўваем прафесійныя кадры, а што мы сёння маем? Мы маем сёння сумную карціну. Сёння кадравы голад. Сёння ў праектных інстытутах часта нават няма высокакваліфікаваных кадраў. Ніхто не хоча ісці ў прафесію. Страшна крыўдна, калі мы бачым на 8-м канале бягучы радок, што экскаватаршчыку прапануюць 8-9 мільёнаў, а архітэктару — 4-5 мільёнаў. Гэта інжынер, канструктар. Вось дзе трэба шукаць карані праблемы, вось што трэба тэрмінова рэфармаваць, інакш падзенне ўзроўню прафесіяналізму можа прывесці да незваротных наступстваў», — паскардзіўся Аляксандр Корбут. Між тым, па словах старшыні Беларускага саюза архітэктараў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама іншыя дзяржорганы, замест таго каб рэальна вырашаць праблемы, часта ствараюць новыя. Так, напрыклад, адбылося з указам прэзідэнта №26, які ўвёў непрадуманую атэстацыю праектных паслуг. Не адмаўляючы таго, што атэстацыя патрэбная і што час наводзіць парадак на рынку, А. Корбут адзначыў, што дакумент быў падрыхтаваны спехам, без уліку меркавання саміх архітэктараў.

«Мы лічым, што прафесіяналізм архітэктара, праектавальніка, інжынера павінен стаць кутнім каменем любой атэстацыі, будзе гэта атэстацыя юрыдычных або фізічных асоб.

Мы выступаем за тое, каб была атэстацыя і адказнасць фізічных асоб», — заявіў кіраўнік Саюза архітэктараў.

На яго думку, на рынку праектных паслуг адказнасць павінная быць персанальная, персаніфікаваная, бо гэта асноватворны прынцып ва ўсім свеце. Гэтым шляхам сёння ідуць у Расіі, Казахстане, Украіне, прычым больш хуткімі тэмпамі, чым Беларусь. Аднак персанальную адказнасць нельга ўвесці, калі яна не будзе падмацаваная страхаваннем рызык праектных паслуг, прычым абавязковым страхаваннем. Але, як заявіў А. Корбут, гэтае пытанне ў дзяржаве нават не прапрацоўваецца. «Нам быў ліст у Саюз архітэктараў ад Белдзяржстраха з прапановай зрабіць круглы стол, сабрацца і абмеркаваць гэтую тэму. Мы адказалі, але ўсе прапановы завіслі на ўзроўні Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва», — кажа Аляксандр Корбут.

Паводле яго словаў, саюз падтрымаў прапанову міністэрства аб тым, каб на рынку праектных паслуг існавала адказнасць юрыдычных асоб.

«Гэта таксама прысутнічае ў Амерыцы, Вялікабрытаніі, але там паралельна існуе адказнасць як юрыдычных, так і фізічных асоб. Таму мы падтрымалі прапанову Міністэрства, каб была атэстацыя і юрыдычных асоб, мы не бачым тут вялікіх супярэчнасцяў. Але ў дадзенай сітуацыі мы ўбачылі тыя недахопы, калі колькасныя паказчыкі сталі галоўнымі пры атэстацыі юрыдычных асобаў», — абурыўся А.Корбут.

Так, напрыклад, адной з абавязковых умоваў праходжання чамусьці стаў абарот прадпрыемства, які за год павінен скласці 100 тысяч базавых велічынь.

«Чаму 100 тысяч базавых велічынь? Чаму не ўзялі 120 або 121, у чым прычына? Чаму, адкуль гэтыя лічбы? Чаму абарот прадпрыемства стаў галоўным у атэстацыі, калі прафесіяналізм на першым месцы павінен быць? Наяўнасць прафесійных, атэставаных спецыялістаў, якія працуюць на гэтым прадпрыемстве, а не колькасны паказчык», — здзіўляўся на форуме старшыня Саюза архітэктараў.

Аналагічнае неразуменне выклікала патрабаванне таго, што выкананне праектных работ уласнымі сіламі арганізацыі павіннае складаць не менш за 80%.

«Сёння ўвесь свет ідзе вузкай спецыялізацыяй, падвышаючы якасць праз вузкую спецыялізацыю, мы сёння ствараем у абавязковым парадку шматгранныя калгасы, у якіх павінна быць усё, ад вытворчасці цэглы да сваіх архітэктараў і інжынераў. Сёння ў свеце паўстае столькі новых тэхналогій, калі немагчыма ўсё самім рабіць. І замест таго, каб аддаваць гэтыя тэхналогіі на аўтсорсінг спецыялістам, мы павінныя ўсё рабіць самі», — абурыўся А. Корбут.

Незразумела таксама, навошта і чаму ўлады скасавалі субпадрады ў праектных арганізацыях.

«Ці ўвялі такі паказчык, што юрыдычная асоба можа браць на дамову падраду не больш за 10% ад аб'ёму сваіх работ. Чаму нельга? Увесь свет на знакавыя аб'екты стварае часовыя калектывы, дзе збіраюцца найлепшыя праектавальнікі, найлепшыя інжынеры. А нам гэта забараняюць», — заявіў А.Корбут.

На думку старшыні саюза, замест таго каб вырашаць надуманыя праблемы, трэба сканцэнтравацца на рэальных, інакш незваротных наступстваў не пазбегнуць. На прэтэнзіі А. Корбута намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Сідараў адказаў, што міністэрства пачула меркаванне Саюза архітэктараў, і аб'ёмныя паказчыкі з крытэраў атэстацыі ўжо выключаныя.

Што да іншых прэтэнзій архітэктараў, то і тут «міністэрства настроенае на дыялог і канструктыўны падыход», заявіў Аляксандр Сідараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?