Рэктар Беларускага дзяржуніверсітэта Сяргей Абламейка зрабіў відэазварот да калегаў і студэнтаў, прысвечаны праблеме сінтэтычных наркотыкаў.
Сяргей Абламейка адзначыў, што гэтая бяда прыйшла не толькі ў краіну, але і ва універсітэт.
«Наркотыкі становяцца новымі, сінтэтычнымі і вельмі небяспечнымі для ўсіх нас. Нядаўна мы згубілі студэнтку, якая была майстрам спорту, выдатніцай, якая не змагла засцерагчыся ад гэтай бяды. Гэта агромністая бяда, супраць якой мы разам павінны паўстаць», — кажа рэктар.
Ён паведаміў, што ў інтэрнэце запушчаны праект «Перахоп». Кожны можа ананімна паведаміць пра ўсе выпадкі ўжывання або распаўсюду наркотыкаў, якія давялося пабачыць. Таксама спецыяльная група створаная Белдзяржуніверсітэтам «Укантакце». У Твітары можна дзяліцца інфармацыяй пад хэштэгам «#перехват».
«Калі вы бачылі калег, якія ўжываюць наркотыкі, не замоўчвайце, давайце знаць», — заклікае спадар Абламейка.





