23 сакавіка, узяўшы ўдзел у мясцовых выбарах, Аляксандр Лукашэнка доўга размаўляў з журналістамі. Сярод іншага ён сказаў, што падзеі ў Крыме падштурхоўваюць малыя дзяржавы да атрымання ўласнай ядзернай зброі.

Закінутае сховішча ядзерных зарадаў пры аэрадроме дальняй авіяцыі (Брэсцкая вобласць), Virtual.brest.by

Закінутае сховішча ядзерных зарадаў пры аэрадроме дальняй авіяцыі (Брэсцкая вобласць), Virtual.brest.by

«Гэты ганебны дакумент [Будапешцкі мемарандум па гарантыях ядзернай бяспекі — «НН»] мне прыйшлося падпісваць у прысутнасці прэм’ер-­міністра Вялікабрытаніі, Біла Клінтана і Барыса Ельцына, калі ў нас вялікія свядомыя вывелі без усялякіх папярэдніх умоў, бясплатна аддалі ўсю ядзерную зброю, самае сучаснае. І тады Украіна і Казахстан гэта зрабілі. І тады тры дзяржавы — Расія, ЗША і Вялікабрытанія — гарантавалі нам эканамічную бяспеку, палітычную, тэрытарыяльную цэласнасць і іншае», — сказаў Лукашэнка.

«Вось гэта небяспечна. Ужо некаторыя дзяржавы адмовіліся, і Украіна заявіла аб тым, што выходзіць з гэтага пагаднення, развязваюцца рукі, асабліва парогавым дзяржавам, якія вось­вось гатовыя зрабіць ядзерную зброю. І наступствы могуць быць яшчэ больш жудаснымі. Ствараецца дрэнны прэцэдэнт», — падкрэсліў Лукашэнка.

Мы пагаварылі са Станіславам Шушкевічам, былым кіраўніком Беларусі і загадчыкам кафедры ядзернай фізікі БДУ аб тым, ці можа Беларусь займець сваю ядзерную зброю.

Станіслаў Шушкевіч: На вялікае шчасце, Беларусь зрабіць сваёй атамнай зброі не можа. Дакладней, можа, калі ператворыць краіну ў Паўночную Карэю. Толькі ўлічыце яшчэ, што ў нас людзей у тры разы меней, чым у КНДР. Савецкі Саюз не пакінуў нам таксама тэхналогій для атрымання рэчываў для атамнай зброі. Але самае галоўнае — няма нічога страшнейшага, чым наяўнасць атамнай зброі на нашай тэрыторыі.

«НН»: Чаму?

СШ: Беларусь была закладніцай. Расія зрабіла з нас своеасаблівы бар’ер. Калі б зброя засталася ў нас, то Беларусь трэба было б у любым канфлікце накрыць ядзерным ударам. Бо Беларусь пагражала б усяму свету.

Таго, што ў нас было, абсалютна хапіла б, каб сцерці з карты свету Еўропу. Я лічу гэта сваім найвялікшым дасягненнем, што мы вывелі зброю з тэрыторыі Беларусі. Мы б загінулі як нацыя, калі б зброя ў нас засталася. Адраджаць яе можна, прабачце, толькі з такім розумам, як у Лукашэнкі. Бадлівай карове Бог рогаў, на шчасце, не даў. Мы не змаглі б гэтай зброяй абараніцца. Хутчэй, чым у Крым, да нас прыбылі б расійскія войскі, каб ізаляваць зброю ад «тэрарыстаў»­ нацыяналістаў.

«НН»: Вырабіць сваю ядзерную зброю — гэта вельмі дорага?

СШ: Дорага захоўваць яе ў такім стане, каб яна была менавіта зброяй. Яна, як грыбы, гніе, калі яе не «пасаліць» і не даглядаць. Трэба праводзіць прафілактычныя працы, яны вельмі дарагія. А ў нас жа няма расійскіх нафтадаляраў. СССР у свой час падарыў многія тэхналогіі Паўночнай Карэі, і яны, галадаючы фактычна, гэтую зброю зрабілі. Мы ж галадаць не будзем — мы ў Еўропе. Гэта трэба рабіць заводы па ўзбагачэнні ўрану, трэба купляць той самы ўран…

«НН»: А спецыялістаў адпаведных мы маем?

СШ: Так, маем. І, думаю, яны былі б здольныя зрабіць ядзерную зброю. Але гэта значыць марнаваць нашых людзей дзеля такіх сумнеўных мэтаў. Але нават для Украіны гэта было б не так небяспечна, як для Беларусі. Бо ва Украіне зброя захоўвалася ў шахтах, а ў нас — на паверхні.

«НН»: Ва Украіне ёсць крыху ўрану, а яна можа вырабіць зброю?

СШ: Ва Украіне разумныя, нармальныя палітыкі. Яны ніколі не пойдуць на тое, каб мець ядзернае ўзбраенне. Увесь — заўважце, — увесь Саюз рабіў ядзерную зброю. А Украіна трохі меншая за Саюз. Ёсць, дарэчы, і міжнародныя пагадненні, паводле якіх і Украіна, і Беларусь абавязаліся быць бяз’ядзернымі дзяржавамі.

«НН»: Некалькі гадоў таму з’яўлялася інфармацыя, што ў Соснах ёсць высокаўзбагачаны ўран, з якога магчыма вырабіць ядзерную зброю. Гэта праўда?

СШ: Гэта толькі Лукашэнка такое мог сказаць. Не паўтарайце ягоных баек. Я, на жаль, нават сёння не маю права выдаваць пэўныя сакрэты. Але з тым высокарадыёактыўным брудам, які ёсць, які захоўваецца недалёка ад тых самых Соснаў, нічога людскага зрабіць немагчыма. Я ў свой час званіў Ельцыну, каб аддаць Расіі, якая мае тэхналогіі апрацоўкі такіх рэчываў, гэты бруд. Але Расіі гэта аказалася нявыгадна. Мы працягваем захоўваць гэтыя радыеактыўныя рэчывы, яны добра захоўваюцца, нікому не пагражаюць. Яны пры беларускіх тэхналогіях нават намёкам быць не могуць на сыравіну для ядзернай зброі.

«НН»: Дык гэта ўсё ж высокаўзбагачаны ўран, правільна?

СШ: У Беларусі быў рэактар ІРТ­2000, які функцыянаваў у Соснах. Сёння рэактара няма. Куды ён дзеўся? Яго не вывезлі. Бруд ад яго застаўся. Я не магу гаварыць, дзе ён, што ён, небяспечна пашыраць такую інфармацыю. Нават пры добрых тэхналогіях — гэтага мала для ядзернай зброі.

«НН»: А Астравецкая АЭС не адкрывае дарогу для стварэння сваёй ядзернай зброі?

СШ: Любая атамная электрастанцыя можа служыць для атрымання матэрыялаў, якія пасля пэўнай апрацоўкі зробяцца рэчывамі для ядзернай зброі. Існуе міжнародная арганізацыя МАГАТЭ, якая сочыць за гэтым. На сённяшні дзень не існуе яшчэ праекта, па якім будзе будавацца Астравецкая АЭС, — гэта я вам дакладна кажу, бо там працуюць мае былыя студэнты.

Ёсць многа праблем з АЭС пад Астраўцом. Вятры адтуль дзьмуць у бок Мінска. Гэтае месца выбранае, каб пагражаць суседу, а пагражаем самі сабе.

«НН»: Вяртаючыся да словаў Лукашэнкі: ці не будуць зараз еўрапейскія дзяржавы вырабляць сваю ядзерную зброю?

СШ: Ім не трэба тое рабіць. Ядзерная зброя ёсць у НАТА. Ёсць у Францыі, Вялікабрытаніі. Можа, добра, што яе не маюць немцы. У Еўропе ёсць баланс. НАТА кіруюць стрыманыя людзі, якія ніколі не пагражаюць ядзернай зброяй, хоць усё гэта ёсць. Калі свет пойдзе па шляху нераспаўсюду ядзернай зброі, то гэта будзе найлепшым варыянтам.

***

Ядзерная зброя

Від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні энергіі радыеактыўнага распаду. Упершыню ўжыта і ў 1945 годзе ЗША супраць Японіі. Асноўныя паражальныя фактары ядзернай зброі: ударная хваля, пранікальная радыяцыя, электрамагнітны імпульс, светлавое выпрамяненне. Выкарыстанне ядзернай зброі выклікае моцнае радыеактыўнае забруджанне мясцовасці. Сродкам дастаўкі ядзернай зброі могуць служыць артылерыйскія снарады, авіяцыйныя бомбы, ракеты.

«Ядзерны клуб»

Умоўная назва групы так званых ядзерных дзяржаў — дзяржаў, якія ажыццявілі распрацоўку, вытворчасць і выпрабаванні ядзернай зброі. Па афіцыйных дадзеных ядзернай зброяй у цяперашні час валодаюць наступныя краіны (па годзе першага ядзернага выпрабавання): ЗША (з 1945), Расія (першапачаткова Савецкі Саюз, 1949), Вялікабрытанія (1952), Францыя (1960), Кітай (1964), Індыя (1974), Пакістан (1998) і КНДР (2006). Таксама лічыцца, што ядзерную зброю мае Ізраіль.

Станіслаў Шушкевіч

Нарадзіўся ў 1934 у Мінску. Фізік, дзяржаўны дзеяч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР. Член­карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1991). Доктар фізіка­матэматычных навук (1970), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1982).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?