Фільм Сяргея Лазьніцы «Майдан» пакажуць на 67-м Канскім кінафэстывалі ў рамках праграмы «Адмысловы паказ», паведаміў праграмны дырэктар Канскага фэстывалю Цьеры Фрэмо.

«Фільм Лазьніцы, зьняты ў лютым-сакавіку ў Кіеве, будзе паказаны ў праграме «Адмысловы паказ», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер, прысьвечанай абвяшчэньню праграмы 67-га Канскага фэстывалю.

«Майдан» — дакумэнтальны фільм, зьняты рэжысэрам Лазьніцам, беларусам — па нараджэньні, ў лютым-сакавіку 2014 года ў Кіеве падчас падзеяў на майдане Незалежнасьці. Лазьніца раней прымаў удзел у конкурсе Канскага фэстывалю зь фільмамі «Шчасьце маё » і «Ў тумане» паводле Васіля Быкава.

Раней, распавядаючы пра свой новы фільм у інтэрвію Радыё Свабода, Лазьніца заявіў:

 Я паехаў адразу ж пасля заклотаў у сьнежні, у мяне не было ніякага фінансаваньня, я проста ўзяў камэру, гукарэжысэра, мы паехалі здымаць усё, што там адбываецца. Я паехаў здымаць гэты фэномэн. Я быў там да каталіцкіх Калядаў і трапіў у рамантычны пэрыяд Майдану. Чакалі атакі, было трывожна, потым стала зразумела, што нападу ня будзе, і Майдан жыў сваім карнавальным жыцьцём.

Лазьніца быў захоплены самаарганізацыяй Майдану:

 Майдан валодае страшнай прыцягальнай сілай. Туды хочацца вяртацца, бо вы атрымліваеце там калясальную энэргію. Прычым гэтая энэргія сьветлая — вось што дзіўна. Ну а з эстэтычнага пункту гледжаньня, ніякі мастак-сюррэаліст ня зможа прыдумаць такія дэкарацыі! Гэта таксама праява калектыўнага народнага несьвядомага, якое выплюхнулася на вуліцы. Зноў-такі, я не ўяўляю сабе ў Маскве палітычны пратэст, у якім пытаньне харчаваньня пратэстоўцаў займала б такое важнае месца. На Майдане кухня — гэта цэнтар цывілізацыі. Гэта ж самаарганізацыя. Гэта зрабілі людзі. Выходзіць чалавек з мэгафонам і кажа ў натоўп: «Дзесяць чалавек на кухню падыдзіце, калі ласка, цяпер». Яму доўга паўтараць ня трэба, тут жа знаходзяцца дзесяць чалавек, якія гатовыя працаваць. Вось гэта дзіўна!

 

67-й Канскі кінафэстываль пройдзе з 14 па 25 траўня. Яго адкрые фільм «Грэйс з Манакаў» зь Ніколь Кідман у галоўнай ролі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?