У 2015 годзе ў Мінску ўпершыню плануецца правесці міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную захаванню некропаляў і месцаў пахавання. 

З ідэяй правесці такую канферэнцыю выступіў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза на пасяджэнні круглага стала «Некропалі Беларусі як месцы памяці», які прайшоў у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 18 красавіка, у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Удзельнікі мерапрыемства ініцыятыву Лакізы падтрымалі. 

Круглы стол быў арганізаваны Міністэрствам культуры, Інстытутам культуры Беларусі, Беларускім камітэтам Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS) і фондам «Культурная спадчына і сучаснасць». 

Прадстаўнік Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў (ICOM) Ала Сташкевіч, якая выступіла мадэратарам сустрэчы, адзначыла, што

на бліжэйшай канферэнцыі акцэнт павінен рабіцца на пытанні «месцаў памяці, праблем увекавечання і мемарыялізацыі, крытэрыяў інвентарызацыі аб'ектаў». 

Падрыхтоўкай да гэтага міжнароднага форуму зоймецца рабочая група, створаная пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнай акадэміі навук і з іншых зацікаўленых органаў. «Важна, каб гэта было на міжнародным узроўні, паколькі існуюць замежны вопыт і методыкі, — падкрэсліла Сташкевіч. — Для нас важна далучыцца да гэтага вопыту. Праблемы, звязаныя з некропалямі, у нас не выпрацаваныя на метадалагічным узроўні, таму важна пачуць замежных экспертаў». 

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко адзначыў, што пытанням аховы помнікаў і гістарычных мясцін міністэрства адводзіць значную ролю. Паводле яго слоў, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічваецца больш як 5,5 тысяч аб'ектаў спадчыны, праводзіцца праца па яго аптымізацыі. Міністэрства працуе над стварэннем і дапаўненнем дзейных нарматыўных актаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку працуе над праектам Кодэкса аб культуры. 

«Вядзецца вельмі актыўная праца, скіраваная на тое, каб спыніць так званых чорных капальнікаў. Мы таксама кантралюем выкананне заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у гэтым нам дапамагаюць свядомыя грамадзяне, якіх гэта пытанне хвалюе», — сказаў чыноўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?