Пятнаццаць гадоў таму мае адносіны з роднай мовай… Скажам праўду, не было ў мяне ніякіх адносін з роднай мовай пятнаццаць гадоў таму.
Не, я, канечне, прызнавала ва ўсіх перапісах роднай мовай беларускую, абавязкова пісала ў анкетах — маўляў, ведаю. Яшчэ я зрэдку перачытвала любімага Багдановіча і памятала, што Быкаў і Караткевіч — гэта сапраўды крута.
Маёй сяброўцы падалося, што гэтага дастаткова.
«Слухай, тутака адна знаёмая шукае рэпетытара для дачкі па мове» — «Эээээ…» — «Шосты клас, дзяўчынка». — «Нуууу». — «Пяць даляраў за 45 хвілін, а яна яшчэ думае!»
А пяць даляраў, скажу я вам, пятнаццаць год таму былі грошы.
І я пагадзілася.
Увесь тыдзень да першага занятку я запіхвала ў галаву родную мову.
Я прачытала два тамы Быкава і тры — Караткевіча. Вывучыла на памяць аповед Змітрака Бядулі пад сакраментальнай назвай «Пяць лыжак заціркі». Прачытала перад люстэркам паэму Купалы «Бандароўна», каб замацаваць акцэнт. Мова ў галаву ўваходзіла, але назад не выходзіла. Калі я адчыняла свае рускамоўныя вусны, з іх вылятала толькі нешта кшталту «ээээ… менавіта… менавіта нешта… добры дзень… да пабачэння… дзверы зачыняюцца… дзякуй за ўвагу».
Я здабыла ў школьнай бібліятэцы падручнік белмовы для шостага класа, перагартала яго з першай старонкі да апошняй, а потым і ў адваротным парадку, і паехала да дзяўчынкі.
«Ну, — бадзёра пачала я занятак, — сёння мы з табой пазнаёмімся і распавядзем адно аднаму, што мы ведаем пра беларускую мову! Дарэчы, «пазнаёмімся» — гэта якая часціна мовы?»
Мне падалося, што такі вытанчаны пераход ад балбатні да лінгвістыкі створыць атмасферу крэатыву і супрацоўніцтва. Але вучаніца так не лічыла. Яна глядзела на мяне вялікімі вачамі.
— Ну? Не памятаеш? А на якое пытанне адказвае? Што зробім? Пазнаёмімся! Канечне — глагол!
Дзяўчынку перасмыкнула. Мне таксама зрабілася няёмка. Здаецца, гэта гучала не вельмі па-беларуску… Глагол…
— Так, Наста, запішам: паўтарыць часціны мовы!
Наста паслухмяна пачала пісаць.
Раптам яна падняла галаву і запытала ціхім голасам:
— А нам задалі… Гэта… Ну… Ну гэта… «па-за домам»… «па-за» — гэта якая часціна мовы?
Я скамянела. Па-за… Па-за… Божачкі ж мае…
— А вось якраз і… (мне хацелася сказаць — «выяснішь», але ж таксама забылася, як гэта будзе па-беларуску)… якраз і… якраз і… ну, гэта самае! Паўтарыш!
Паўтарыш…
Нейкі паўтарыш заскокаў па пакоі. На галаве гэтага паўтарыша калыхаўся руды віхор, ён пазіраў на мяне з гарэзлівай усмешкай і круціў пальцам ля скроні. У гэты момант я вырашыла грошай за першы занятак не браць.
— Ну, Наста, а зараз пабачым, як ты памятаеш знакі прыпынку!
Наста змрочна нахілілася над сшыткам.
— Запісвай! Эээээ…. Эээээ….
Разумееце, я, настаўніца рускай мовы, прызвычаілася прыклады для разбору прыдумваць адразу, арыентуючыся на ход урока і патрэбы вучняў. Гэтыя мае рускія прыклады заўсёды былі цікавымі, вясёлымі і актуальнымі для аўдыторыі. Але ж у выпадку з беларускай мовай я забылася, што мне банальна не хопіць слоўнікавага запасу!
— Эээээ… Запісвай, Настачка…
Я зрабіла апошнія высілкі, напружылася, заплюшчыла вочы і пальнула:
— Нечаканае «хэндэ-хох» прымусіла партызана выйсці з-за кустоў!
Наста падняла на мяне вочы.
— Пішы, Настачка! Нечаканае… хэндэ-хох…. прымусіла…. Дарэчы, «прымусіла» — якая часціна мовы?
Наста навалілася на стол і прастагнала:
— Глагол?
* * *
Да Насты я больш не хадзіла. Збіраючы свае рэчы пасля занятку, я была амаль у непрытомнасці і таму забылася на стале ў дзяўчынкі і бібліятэчны падручнік белмовы, і навюткі нататнічак, прыдбаны спецыяльна для запісу вынікаў вучобы маёй вучаніцы…
Пяць гадоў я не брала ў рукі ані Быкава, ані Караткевіча, ані любімага Багдановіча — мне было сорамна.
З суразмоўцамі, што прамаўлялі па-беларуску, сціскала вусны і пераходзіла на мову жэстаў і смайлікаў.
А потым аднойчы мне спатрэбілася напісаць нешта «гэткае» дачцэ на конкурс сачыненняў пра бабуль і дзядуль, пра старадаўнія часы і дняпроўскія краявіды. Я ўзяла аркушык, села за стол…
І раптам нешта зрабілася: на паперу паліліся і Быкаў з Караткевічам, і Багдановіч, і нават «Пяць лыжак заціркі»…
Словы выскоквалі з мяне, як той партызан з-за кустоў, самі сабою, без усялякіх высілкаў. Я пісала па-беларуску! Словы самі сабой узнікалі і складаліся ў сказы.
Так мова прыйшла да мяне.