Некалі Карл Каўцкі пісаў: лёгка слізгаць уніз па нахіленай плоскасці. Святкаванне Шродэрам свайго 70-годдзя ў Юсупаўскім палацы ў С.-Пецярбургу пацвярджае гэтую ісціну.

Нагадаю, што князі Юсупавы былі ў сваякамі расійскіх цароў (князь Фелікс Юсупаў быў жанаты, калі не памыляюся, з вялікай княгіняй Ірынай). Сацыял-дэмакрат балюе ў палацы расійскага арыстакрата, царскага сваяка. Аўгуст Бебель у дамавіне перавярнуўся б, калі б пачуў такое. Фрыдрых Энгельс, які ў сваім палітычным запавеце пісаў, што расійскі царызм — вораг не толькі заходніх народаў, але і заходняй буржуазіі, анямеў бы ад такой весткі.

Энгельс завяшчаў нямецкім сацыял-дэмакратам: сацыял-дэмакратыя павінна змагацца за мір, за недапушчэнне вайны. Але калі вайна вайна ўсё ж пачнецца, сацыял-дэмакраты павінны бараніць Нямеччыну не шкадуючы свайго жыцця, бо «царскія орды» прынеслі б у Нямеччыну «не свабоду, а рабства, не развіццё, а спусташэнне, не прагрэс, а здзічэнне».

Ці не тое нясе цяпер пуцінская Расія ва Украіну? І ў гэтых абставінах сацыял-дэмакрат Шродэр абдымаецца з Пуціным. І радасная ўсмешка на твары былога федэральнага канцлера.

Дапусцім, што Шродэр размаўляў з Пуціным пра Украіну, пра захопленых расійскай агентурай у Славянску нямецкіх назіральнікаў ад АБСЕ, але ж карысці з тае размовы ніякай, бо грамадзянін Федэратыўнай Рэспублікі прадстаўляў самога сябе. Ён не ўзгадніў сваю сустрэчу з Пуціным не толькі з федэральным канцлерам Ангелай Мэркель, але і са сваім таварышам па партыі – федэральным міністрам замежных спраў Францам Вальтэрам Штайнмаерам. З гэтага мы робім выснову: Шродэр дзейнічае ўжо не толькі на шкоду СДПГ, але і на шкоду Нямеччыне. Затое на карысць пуцінскай Расіі, на карысць расійскага алігархічнага капіталу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?