Праз 70 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мы, здаецца, крыху забыліся, якімі прывабнымі здаваліся калісьці еўрапейцам ідэі фашызму і што толькі паражэнне ў вайне змагло дыскрэдытаваць іх. А тым часам гэтыя ідэі зноў ажываюць у Расіі — краіне, якая будуе сваю гістарычную палітыку вакол савецкай перамогі над фашызмам, — піша ў артыкуле «Бітва ва Украіне азначае ўсё» амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр.

Прапагандысты Пуціна спрабуюць навязаць Еўропе альтэрнатыўную рэальнасць, згодна з якой Украіны як такой ніколі не існавала — гэта была толькі частка Расійскай імперыі. І ўкраінскі народ на самай справе — усяго толькі маларосы. Але калі не існуе Украіны — значыць, не існуе і Еўропы.

Калі Украіна знікне з гісторыі, з ёю знікне і адно з найвялікшых злачынстваў нацысцкага і сталінскага рэжымаў.

Актыўна пераследаваць украінскіх патрыётаў пачаў Іосіф Сталін. Ён замарыў голадам каля 3 млн украінцаў і знішчыў ўкраінскую інтэлігенцыю. У Савецкай Украіне панавала палітыка запалохвання, а Еўропу паказвалі як галоўную пагрозу.

Сталін сцвярджаў: украінцы галадаюць добраахвотна, па ўказцы з Варшавы. Так, гэта поўны абсурд, але гучала пераканаўча. Пазней савецкая прапаганда распавядала, што ўсе, хто кажа аб галадаморы, — агенты нацысцкай Германіі. Так пачалася гульня ў фашыстаў і антыфашыстаў.

Усё, што робіць Масква, — гэта правільна. Усе, хто яе крытыкуе, — фашысты.

Пры гэтым такая рыторыка не замінала СССР супрацоўнічаць з нацысцкай Германіяй.

Сёння савецкая прапаганда «антыфашызму» вярнулася ў Расію. Таму вельмі важна памятаць пра тое, што барацьба з «фашыстамі» цалкам падкантрольная расейскай дзяржаве і ў рэчаіснасці да барацьбы з рэальнымі праявамі фашызму ніякага дачынення не мае.

Украіна была цэнтральным элементам палітыкі Сталіна, якую ён называў «унутранай каланізацыяй». Такіх жа поглядаў прытрымліваўся і Гітлер. У яго былі вялікія планы адносна Украіны. Ён збіраўся ачысціць урадлівыя ўкраінскія землі ад савецкай улады і паставіць іх на службу Германіі.

Па яго разліках, каля 30 млн чалавек у СССР памерлі б ад голаду.

У гэтым кантэксце украінцаў ён лічыў «недалюдзьмі», якія не ў стане самі вызначаць свой дзяржаўны лад і могуць быць толькі каланізаваныя.

Ні адна краіна Еўропы не падвяргалася такой інтэнсіўнай каланізацыі, як Усходняя Еўропа. У 1932—1945 гг. яна была самым гібельным месцам на зямлі.

Сёння Германія адмаўляе сваю каланіяльную палітыку. Немцы спрачаюцца з нагоды злачынстваў супраць габрэяў і Савецкага Саюза. І амаль ніхто ў Германіі не прызнае, што галоўнай мэтай каланіяльнай палітыкі немцаў была менавіта Украіна. А такія палітычныя дзеячы, як Гельмут Шміт, наогул не саромеюцца адмаўляць ўкраінцам ў праве разлічваць на міжнародныя законы.

Думка пра тое, што ўкраінцы — непаўнавартасная нацыя, нікуды не дзелася.

І сёння кажуць пра тое, што ўкраінцы нясуць адказнасць за злачынствы ў ваеннай Украіне, якія на самай справе сталі вынікам каланіяльнай палітыкі Германіі.

Нягледзячы на тое, што галоўнай мэтай Гітлера было знішчэнне СССР, ён усё ж такі быў вымушаны супрацоўнічаць з Савецкім Саюзам. У 1939 г., пасля таго, як стала ясна, што Польшча будзе супраціўляцца, Гітлер дамовіўся са Сталінам аб сумесным уварванні. Сталін шмат гадоў чакаў такой прапановы. Ужо даўно савецкая палітыка была накіравана на знішчэнне Польшчы.

Да таго ж Сталін быў упэўнены: супрацоўніцтва з Гітлерам, еўрапейскім крайне правым, — гэта ключ да знішчэння Еўропы. Гэтая логіка не надта адрозніваецца ад той, якой цяпер прытрымліваецца Уладзімір Пуцін.

Вынікам савецка-нямецкага ўварвання стала акупацыя Польшчы і яе знішчэнне як дзяржавы. Гэта стала важнай падзеяй і ў гісторыі ўкраінскіх нацыяналістаў. У тыя часы на тэрыторыі Савецкага Саюза не было нацыяналістычных арганізацый. Гэта было проста немагчыма. Аднак на тэрыторыі Польшчы дзейнічала падпольная Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў. Яны былі не больш, чым звычайны раздражняльнік ў мірны час. Але з надыходам вайны іх значэнне вырасла.

АУН ваявала супраць польскай і савецкай улады. Ва ўварванні нямецкай арміі яны бачылі магчымасць закласці падмурак украінскай дзяржавы. Нацыяналісты падтрымалі ўварванне Германіі ў Польшчу ў 1939 г., а потым, у 1941-м, і ў СССР.

Аднак паміж 1939 і 1941 гг. савецкая ўлада паспела пачаць барацьбу з украінскімі нацыяналістамі. Лідары украінскіх палітычных партый былі дэпартаваныя або забітыя.

Пасля вопыту ўзаемаадносін з савецкай уладай многія ўкраінскія левыя сталі правымі і сышлі ў падполле.

Украінцы спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва з Германіяй у 1941. Але ім гэта так і не ўдалося. Сотні ўкраінскіх нацыяналістаў ўзялі ўдзел ва ўварванні нямецкіх войскаў у СССР. Яны працавалі выведнікамі і перакладчыкамі. Украінцы паспрабавалі аб'явіць аб незалежнасці Украіны. Але такое развіццё падзей не ўваходзіла ў планы Гітлера. Большая частка кіраўнікоў нацыяналістычных арганізацый былі забітыя альбо трапілі ў турму.

Сам Сцяпан Бандэра правёў большую частку вайны ў канцлагеры ў Заксэнхаўзэне. Некаторыя украінцы працягвалі супрацоўнічаць з немцамі, каб атрымаць ваенны вопыт, або спадзяваліся, што стаўленне Германіі зменіцца і ёй спатрэбіцца дапамога Украіны. Іншыя ж рыхтаваліся да паўстання пасля таго, як нямецкая ўлада зменіць савецкую.

Падчас акупацыі Савецкай Украіны многія ўкраінцы супрацоўнічалі з немцамі. Гэтак жа, як супрацоўнічалі з немцамі і жыхары іншых краін СССР і Еўропы.

Але непараўнальна больш украінцаў загінула ад рук нямецкіх салдат, чым у любой іншай еўрапейскай краіне. У баях з вермахтам украінцаў загінула больш, чым амерыканскіх, брытанскіх і французскіх салдат, разам узятых.

У Германіі гэтага факту не заўважаюць. Бо Чырвоную Армію разглядаюць як войска Расіі. Менавіта так многія гады падавала расійская прапаганда заслугі чырвонаармейцаў. І калі Чырвоная Армія — гэта Расія, то ўкраінцы — гэта ворагі. Такі вобраз мыслення пасля вайны быў прышчэплены самім Сталіным.

Ідэя прапаганды Вялікай Айчыннай вайны мела за галоўную мэту — вайна пачалася не ў 1939, а ў 1941-м. Такім чынам, людзі павінны былі забыць аб саюзе СССР з Германіяй.

І, відаць, некаторыя расейскія лідэры прытрымліваюцца той версіі падзей, якую ім выкладалі ў школе. Вядучыя палітыкі Расіі — дзеці 1970-х, эпохі брэжнеўскага культу вайны. З часам Айчынная вайна для іх стала проста рускай. Без украінцаў і яўрэяў. Халакосту не было месца ў савецкай гісторыі.

1970-х у Савецкім Саюзе праводзілі масавую русіфікацыю. Украінскую мову «выгналі» са школы, і, асабліва, з ВНУ. Яе лічылі мовай «нізкай культуры».

Пры гэтым, як ні парадаксальна, існаванне самастойнай украінскай традыцыі ў мастацтве і гуманітарных навуках прызнавалі. У гэтай атмасферы украінскім патрыётам важна было захаваць украінскую самабытнасць і ідэнтычнасць.

У снежні 1991 г. больш за 90% жыхароў Украіны прагаласавалі за незалежнасць. Украіна і Расія разышліся. Беззаконне прывяло да ўлады алігархаў у абедзвюх краінах.

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у замежнай палітыцы зрабіў выбар на карысць Расіі.

І не столькі таму, што ён хацеў гэтага ў прынцыпе. Ён быў вымушаны зблізіцца Масквой пасля таго, як не змог знайсці супольную мову з Еўропай. Мяркуючы па ўсім, Януковіч столькі скраў з дзяржаўнай казны, што гэта паставіла краіну на мяжу банкруцтва. І зрабіла яе яшчэ больш уразлівай для Расі.

Аднак у канцы 2013 спроба наблізіць Украіну да Еўразійскага альянсу прывяла да процілеглага эфекту. Еўразійскі саюз можа існаваць толькі як клуб дыктатараў. Але ўвесці дыктатуру ва Украіне не ўдалося. Спантанная самаарганізацыя украінцаў прывяла да рэвалюцыі на Майдане.

Украінская рэвалюцыя стала катастрофай для замежнай палітыкі Расіі. І яе задачы звузіліся з ідэі стварэння клуба дыктатараў да спробы дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне.

Расійская прапаганда прадставіла ўкраінскую рэвалюцыю як нацысцкі пераварот, а Еўропу абвінаваціла ў падтрымцы нацыстаў.

Гэтая версія хоць і недарэчная, але добра ўкладаецца ў карціну свету Пуціна.

Аднак сам ён цяпер ўспрымаецца ў Еўропе як лідэр крайне правых, і лідэры еўрапейскіх правых партый выказваюць яму сваю падтрымку. І тут ёсць назіраецца відавочная супярэчнасць:

расейская прапаганда на Захадзе настойвае, што праблема з Украінай у тым, што яе ўрад скрайне правы, тады як раз Расія будуе кааліцыю з еўрапейскімі крайне правымі.

Члены экстрэмісцкіх, папулісцкіх і неанацысцкіх партый прыязджалі ў Крым і ўсхвалялі гэты выбарчы фарс як мадэль для Еўропы.

Антон Шахаўцоў, даследчык еўрапейскіх крайне правых, зазначаў, што лідар балгарскіх ультраправых пачаў партыйную кампанію за перанос Еўрапейскага парламента ў Маскву.

Італьянскі Fronte Nazionale хваліць Пуціна за «мужную пазіцыю супраць магутнага гей-лобі». Неанацысты з грэцкага «Залатога Світанку» бачаць Расію як абаронцу Украіны ад «крумкачоў міжнароднага ліхвярства».

Хайнц-Крысціян Штрахе з Аўстрыйскай партыі свабоды абвяшчае, што Пуцін з'яўляецца «дэмакратам чыстай вады».

Нават Найджэл Фарадж, лідэр Партыі Незалежнасці Злучанага Каралеўства, нядаўна падзяліўся ў тэледэбатах пуцінскай прапагандай пра Украіну з мільёнамі брытанскіх гледачоў, абсурдна сцвярджаючы, што ва Украіне «рукі Еўрапейскага Саюза запэцканыя крывёю».

Уварванне расейцаў у Крым стала выклікам бяспецы Еўропы. Яно стала спакусай для немцаў і многіх іншых вярнуцца да ваеннай палітыкі каланізацыі, ігнаруючы ўсе законы.

Больш за тое, падтрымка Пуціна можа ў канчатковым выніку абярнуцца паразай для ідэі еўрапейскага адзінства. Бо калі раней, на думку многіх палітыкаў і інтэлектуалаў, альтэрнатывы ёй на кантыненце не існавала, то цяпер яна вымалёўваецца вельмі выразна, і імя ёй — Еўразія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?