Вітаю супрацоўнікаў «Нашай Нівы»! Апошнім часам з’яўляюся вашым пастаянным чытачом. Мяне ўзрушыла акупацыя расейцамі Крыма.

Украінскі народ паўстаў супраць карумпаванага рэжыму крамлёўскай марыянеткі Януковіча і нават зрынуў яго, што здавалася амаль немагчымым, і гэта аказалася для Крамля смяротнай небяспекай. Хіба можна без Украіны адбудаваць пашыраную савецка-расійскую імперыю, аб якой мараць у Крамлі?

Не накарміўшы ўласны народ удосталь, крамлёўскія камунафашысты ў чарговы раз спрабуюць «ашчаслівіць» увесь навакольны свет сваёй чалавеканенавісніцкай ідэалогіяй, над якой, на жаль, так і не адбыўся свой Нюрнбергскі працэс.

На маю думку, Беларусь не павінна абслугоўваць вялікадзяржаўныя інтарэсы палітычнай крамлёўскай вярхушкі, якая сёння знаходзіцца пры ўладзе. Гэтая вярхушка дбае не пра свой народ, але дзейнічае на карысць ФСБ-КДБ ды ВПК, якія зацікаўленыя ў супрацьстаянні з Захадам. Інакш гэтыя «супрацоўнікі» не будуць запатрабаваныя ў мірны час, калі народы і дзяржавы будуць сябраваць адзін з адным.

Чаму ж маўчыць Расейская праваслаўная царква?! Можа, патрыярхат РПЦ служыць уладам, а не праўдзе? Тады кіраўнікі РПЦ недалёка адышлі ад фарысеяў, якія аддалі на крыжовае распяцце Госпада Ісуса Хрыста. Можа быць і сапраўды многія бацюшкі носяць пад расамі пагоны кадэбэшнікаў, як спяваў Талькоў?

Калі «старэйшы брат» адужае Украіну (а ў гэта не верыцца, бо сапраўдны народ нельга перамагчы), дык і незалежная Беларусь ужо існаваць не будзе. Я заклікаю свядомых беларусаў не купляць, па магчымасці, расейскія тавары і прадукты, а падтрымліваць айчынных і ўкраінскіх вытворцаў.

Украінскі народ абараняе не толькі свае землі ад агрэсараў з Усходу, але ж яшчэ й нашу, беларускую, незалежнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?