«Засталося паспачуваць тым, для каго поспех нашай краіны косткай у горле. Зрэшты, у антыдзяржаўных СМІ, якія чаго толькі не пісалі пра наш чэмпіянат, здарыўся разрыў шаблона», — заявіў падчас сваёй перадачы ў эфіры дзяржаўнай тэлекампаніі яе кіраўнік, калісьці акцёр, а цяпер функцыянер.

«Тое, што я ўбачыў, мяне прыемна здзівіла. Зручна, камфортна, цёпла і галоўнае — бачна як на далоні. «Арэна» сапраўды створаная для людзей. І наведвальнікі рэальна кайфуюць. Для людзей гэта свята. Для нашых і для турыстаў.

Я далёкі ад думкі, што спорт можа стаць нацыянальнай ідэяй. Але спартовыя перамогі добра развіваюць у людзях патрыятызм», —

зачытаў ён вытрымкі з каментара намесніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Змітра Панкаўца, не назваўшы ні назву газеты, ні імя аўтара.

«Да гэтага моманту я думаў: што для патрыёта добра, то для апазіцыянера асінавы кол. Ну няўжо нашыя апазіцыянеры сталі патрыётамі ў дзяржаўным разуменні?» — працягнуў ён.

«Можа, хопіць нападаць на ўладу? Як шчырасць гэтага… не ведаю… хто там цытаваў, што ён рэальна кайф злавіў ад таго, што ў Мінску ўбачыў…» — неўзабаве вярнуўся да тэмы футбольны аглядальнік, галоўны рэдактар самай прапрэзідэнцкай дзяржаўнай газеты.

«Але гэта трэба было мець мужнасць, каб прызнацца ў гэтым», — перабіў яго той самы наменклатурны акцёр.

«Ды якую мужнасць? Сядзеў бы за печкай і ганарыўся сабой. Заелі дуракі, як адзін герой казаў. Яшчэ на гэта час губляць», — працягнуў газетчык.

«Калі ў антыдзяржаўнай газеце пачынаюць хваліць дзяржаўнага чалавека, гэтага чалавека трэба звальняць», – параіў акцёр.

«Прыватная канфармісцкая газета, увагу да якой з боку грамадскасці праз мікраскоп можна ўбачыць.

І не хачу пра яе гаварыць, таму што нічога там не выражаючае, уласныя алюзіі і ўласныя [неразборліва, перабіта акцёрам] працэсы дэманструе ўжо шмат гадоў, таму… [неразборліва, перабіта акцёрам]», — вынес свой прысуд футбольны аглядальнік. І таксама не назваў газеты: прапагандыстам не паложана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?