Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю расійскага музыказнаўцы і тэлевядучага Станіслава Бэлзы. А вось спачуванняў у сувязі са смерцю знанага беларускага паэта, беларускага дыпламата, былога кіраўніка Беларускага тэлебачання Генадзя Бураўкіна не выказаў.

І ў сувязі са смерцю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна адразу не выказаў — ужо толькі пасля таго, як грамадскасць пачала абурацца.

Хаця, на мой погляд, зрабіць гэта быў проста абавязаны.

І не таму, што родным нашых славутых паэтаў гэта так ужо патрэбна.

Гэта патрэбна ўсім нам — тым, у каго пасля адыходу з жыцця вялікіх творцаў і вялікіх патрыётаў Бацькаўшчыны ўзнікла пачуццё пустэчы, адчуванне чужароднасці ў сваёй дзяржаве.

Я амаль упэўнена, што Лукашэнка не знаёмы з творчасцю Бэлзы, гэтаксама як і з творчасцю Барадуліна ці Бураўкіна.

Аднак тым больш паказальна, што ён знайшоў час падпісаць спачуванне расійскаму дзеячу, што ўвогуле ўспомніў пра такога. А вось на адрас беларускіх мысляроў, людзей, адданых сваёй Радзіме, людзей, якія для пэўнай часткі нашага грамадства сталіся іконамі, добрых слоў не знаходзіцца.

Так, Барадулін і Бураўкін не падтрымлівалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Душою, сэрцам, думкамі яны былі не з ім. А з тымі, хто бачыць Беларусь не гістарычнай недарэчнасцю, не савецкім, згубленым у часе анклавам, а вольнай еўрапейскай краінай.

Не было, няма і не будзе ў гэтым нічога антыдзяржаўнага ці антыбеларускага. Наадварот.

Так, яны не пісалі вершы накшталт «Товарищ президент».

Але патрыёт — той, хто адданы сваёй краіне, свайму народу, а не канкрэтным асобам, якія часова аказаліся на высокіх пасадах. Служыць асобам — гэта звычайнае і прымітыўнае халуйства, тут патрэбны адзіны талент — гнуткасць спіны і адзіная «смеласць» — нахвальваць ды падтакваць. Вось толькі ўсё сведчыць аб тым, што менавіта халуі сённяшняй уладзе асабліва мілыя, а людзі сапраўднага таленту, глыбокага, філасофскага бачання свету — такія, як Барадулін і Бураўкін, — не…

Сваімі вершамі, словамі, учынкамі яны запальвалі агеньчыкі беларускасці ў мільёнах сэрцаў. А які агеньчык і ў чыім сэрцы маглі запаліць «Товарищ президент» і таму падобная творчасць? Хіба толькі няёмкасць ды адчуванне чагосьці фальшывага, брыдкага, слізкага.

Аднак наверсе патрыятычным лічыцца такое:

Слушай Батьку!
Утром, ночью и днем…
Слушай Батьку!
Если плохо тебе…
Слушай Батьку!
Если все хорошо…
Слушай Батьку!

А вось так маліць Бога, як гэта зрабіў Генадзь Бураўкін, — аказваецца, няправільна і непатрыятычна.

Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці
Няпраўды
I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом.

Лукашэнка і Барадулін, Лукашэнка і Бураўкін размаўлялі ў прамым сэнсе слова на розных мовах. Кіраўнік Беларусі, як сказаў некалі, што «по-белорусски нельзя выразить ничего великого», так да нядаўняга часу і стаяў на сваім. Як навучылі яго ў савецкія часы, што Расія прынесла цывілізацыю ў наш «адсталы Паўночна-Заходні край», так ён і на прэзідэнцкай пасадзе застаўся з комплексам правінцыяла. А вось Барадулін і Бураўкін не сорам і не няёмкасць адчувалі за свой народ, яны адчувалі за яго гонар і нас усіх гэтаму вучылі.

Хаця б таму, што першая Канстытуцыя ў Еўропе (другая пасля ЗША) на беларускай мове напісана! А гэта, як нішто іншае, сведчыць пра надзвычай высокае духоўнае, палітычнае, культурнае развіццё нашай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага ў тыя часы. Па крайняй меры значна вышэйшае, чым у тагачаснай Расіі. І калі б не маскоўскіх вайскоўцаў-пенсіянераў Лукашэнка з пашанай прымаў у сваіх рэзідэнцыях, калі б не з хакеістамі-бізнесменамі па дзяржаўных справах раіўся, калі б хоць раз сустрэўся з нашымі нацыянальнымі мыслярамі (ды сустрэўся, каб паслухаць, а не каб самому толькі вяшчаць), то і ён бы ведаў:

— чаму зацверджаны Пятром I расійскі шрыфт называўся «беларускай азбукай,

— што «расійскі» першадрукар Іван Фёдараў быў беларусам, а «высокакультурныя» расіяне яго і Пятра Мсціслаўца за гэтую «бесовскую» справу з Масквы выгналі,

— што «Граматыка» архіепіскапа Полацкага Мялеція Сматрыцкага доўгія гады была падручнікам, па якім тыя ж рускія вучыліся пісаць,

— што пачатак расійскаму вершаскладанню паклаў настаўнік царскіх дзяцей — наш Сімяон Полацкі,

— што за 250 гадоў да Канстанціна Цыялкоўскага шматступенчатую ракету вынайшаў беларус Казімір Семяновіч…

І гэтак далей, і гэтак далей…

Іншымі словамі, што мы не з дзікіх плямёнаў, якія рускія павыцягвалі з балотаў ды навучылі чытаць-пісаць (тут яшчэ трэба разбірацца — хто каму культуру нёс). Што беларусы — годны народ, які мае і сваіх герояў, і сваю славу, і сваю гісторыю і які ні перад кім не павінен стаяць на каленях. Ні перад кім!

Менавіта гэта даказвалі, менавіта пра гэта пісалі, менавіта за гэта змагаліся і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін, і іншыя нашы творцы. У выхаванні патрыятызму яны рабілі болей, чым усе штатныя ідэолагі разам з самім Лукашэнкам.

Дык за што ў сваёй краіне іх фактычна трымалі за ворагаў — з забаронай на сустрэчы з чытачамі, забаронай друкавацца ў афіцыйных выдавецтвах, забаронай выступаць у дзяржаўных СМІ?..

Дык ці не заслужылі яны хаця б апошняе «Прабачце» ад чалавека, які не ўмеў і не хацеў слухаць іх, нашых сапраўдных прарокаў, сціплых, глыбокіх, мудрых?..

…Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан праз вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Україна.

Гэта адзін з апошніх вершаў Рыгора Барадуліна. Ён ведаў, што адыходзіць, ён ужо мала што мог, яму ўжо усё балела, але не думаць пра Беларусь па-ранейшаму не мог, яна яму балела больш, чым якая хвароба.

Няўжо ад дзяржавы ім так і не будзе падзякі — Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну?

Няўжо, нават гледзячы на прыклад Украіны, мы так і не ўбачым відавочнага: што не спецназ, не «Альфа», не армія і тым больш не прэзідэнт там бароняць дзяржаву. Што гэта робяць звычайныя людзі — тыя, каму запалі ў душу вершы на роднай мове, песні на роднай мове, бабуліны ды матуліны вышыванкі, казкі, паданні роднай зямлі — усё тое, што робіць тых, хто жыве ў краіне, не насельніцтвам, а народам.

Няўжо нават пасля гэтага наша дзяржава не аддасць даніну павагі лепшым сынам Беларусі, якія рабілі з нас беларусаў насуперак волі дзяржавы?

Няўжо нават цяпер Аляксандр Лукашэнка не зразумее розніцу паміж тымі, хто служыць пасадам, і тымі, хто служыць сваёй краіне?

Няўжо ён так і не знойдзе часу, каб прыйсці з бел-чырвона-белым букетам на магілу Бураўкіна ці з букетам васількоў на магілу Быкава? Няўжо так і не адважыцца сказаць гэтым мудрым і светлым людзям: «Прабачце…»

Няўжо ён іх так і не пачуе?.. Няўжо і мы не пачуем?.. Няўжо пачуем, ды будзе позна?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?