Галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссія» Павел Якубовіч у сённяшнім нумары выдання раскрытыкаваў прапагандысцкую перадачу Аркадзя Мамантава «Спецыяльны карэспандэнт», дзе гаворка ішла пра Украіну.

«Усім, натуральна, хацелі выглядаць раялістамі, больш чым кароль… […] Шчыра кажучы, хацелася б бачыць і чуць і некаторую арыгінальнасць у меркаваннях, а не надзіва зладжаны хор імя Пятніцкага».

«Гэта толькі наіўныя думаюць, што які-небудзь Мамантаў — вольны мастак і халодны філосаф. Ён — баец бачнага фронту, які ведае месца ў шэрагу і чотка выконвае каманды свайго генерала», — піша Якубовіч.

«Ветэран ідэалагічных бітваў спадарыня Нарачыцкая [узначальвае Інстытут дэмакратыі і супрацоўніцтва ў Парыжы, які фінансуецца расійскім урадам — «НН»] задала тон, заклікаўшы неадкладна прадэманстраваць Еўрасаюзу і Украіне ваенную магутнасць. Наступныя спікеры пайшлі далей, запатрабаваўшы не толькі ўвесці ў Данбас танкавыя дывізіі, але і не спыняць іх да Львова і Карпат.

Нават спадарыня Мізуліна [дэпутатка Дзярждумы Расіі – «НН»], вядомая хіба што нянавісцю да гомасэксуалістаў, здзівіла самога Мамантава, патрабуючы неадкладна рухацца на Захад, ламаючы не толькі славутых «правасекаў», але і ўсіх астатніх. Што ж прымусіла Мізуліну забыць аб расійскім Крымінальным кодэксе ў частцы пакарання за заклікі да вайны?

Але аб такой дробязі сённяшняя распаленая свядомасць лічыць за лепшае не ўспамінаць. Практычна ўсе ўдзельнікі ток-шоу Мамантава ў адзін голас патрабавалі вызваленчай вайны!»

Якубовіч іранізуе з такога патрыятызму і з «народных герояў» Данбаса Панамарова і Стралкова, якія скідваюць адзін аднаго. «А студыя бушавала — за правую справу, наперад на Данбас!»

«Кароткі вывад. Нават калі б тыя, хто ўпалі ў клікушаства, былі ў меншасці, усё роўна з улікам іх статусаў і пасад, заклікі да вайны выглядаюць на федэральным тэлеканале трохі адыёзнымі. Ці каму-небудзь важная менавіта такая танальнасць?

Больш за тое, і Мізуліна, і Нарачніцкая, і вельмі на людзях апантаны Дугін — людзі ў жыцці асцярожныя, якія скаланаюцца нават ад начнога рыпання дзвярэй. Але цяпер яны патрабуюць бітвы і крыві! Прыходзіцца падазраваць, што самі яны, а таксама іх дзеці будуць у гэты час спакойна адпачываць на ціхім Блакітным беразе. На чужых дзяцей у выглядзе грузу «200» ім напляваць. Але адважная ваяўнічасць іх невыпадковая!»

Якубовіч лічыць, што цяпер ужо сама створаная і фінансаваная Пуціным «грамадскасць» патрабуе, прымушае Пуціна да вайны. Ён вобразна параўноўвае гэтых «патрыётаў» з Големам, які можа знішчыць свайго стваральніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?