Андрэй Федарэнка. Фота Алены Казловай.

Андрэй Федарэнка. Фота Алены Казловай.

Прачытаў матэрыял Сяргея Макарэвіча «Як філосаф Акудовіч «разбіў» сэрца пісьменніку Верацілу», а таксама шматлікія каментары да яго. Адзін асабліва запаў у душу, бо і сам я неаднойчы разважаў на падобную тэму. Думаю, яна хвалюе не толькі мяне.

«Нашы лiтаратары так i не здолелi вынайсцi беларускую прэстыжную прэмiю накшталт прэмii Гедройца — чаму?! Заможныя людзi i ў нас, пэўна, ужо з’явiлiся за постсавецкi перыяд!.. Вельмi паказальны момант для «свядомых» пiсьменнiкаў, — мастацкае слова Беларусi хвалюе Польшчу куды болей!!! — напісаў, між іншым, каментатар Ван Хельсiнг. — Я ўхваляю майстэрства! Прафесiяналiзм! Гэта дазваляе, каб крыху i кiдала ў бакi. Фiлосафа. Крытыка. Аўтара. Але наклады сведчаць аб адваротным. «Полымя», «Маладосць», «Нёман» i «ЛiМ» губляюць чытачоў. Датацыя не ратуе. У спадара Пятровiча Барыса таксама справы не вельмi прасунулiся, — паўтаруся: вы, нашы харошыя, не стварылi падмурак для незалежнай аб’ектыўнай беларускай узнагароды за 20 год працы ў новых умовах i ў iншай ужо краiне. Хай сабе i пры цiску Лукашэнкi. Не скарысталi мiжнародныя сувязi. ПЭН-цэнтр. Асацыяцыi, куды маеце магчымасць юрыдычна звяртацца, каб бачыць плынь лiтжыцця за мяжой…»

Пытанне пастаўлена вельмі правільна, адказ — самы што ні на ёсць няправільны. Чаму беларускую прэстыжную прэмію павінны былі вынаходзіць літаратары, а не чытачы?

Напрыклад, падказаць, як? Элементарна: 10 млн. насельніцтва, 1/10 цалкам магла б скінуцца па 1(адным) даляры, проста так — на падтрымку нашай дарагой роднай літаратуры, і мы мелі б Беларускую Нобелеўскую прэмію, 1 млн даляраў у год.

Не скажаце ж Вы: пакладзіце на стол «Вайну і мір» або «Ціхі Дон» — тады будзе вам незалежная Беларуская Нобелеўская прэмія; не скажаце, бо інакш кола замкнецца.

Ганебна і прыкра — згодны з Вамі.

Але ганьба і прыкрасць не ад нашых літаратараў, якія «ўласнай прэміі не выклянчылі», а ад таго, што «мастацкае слова Беларусі» даўно ўжо не хвалюе роўна анікога: ні Лукашэнку, ні Польшчу, ні, самае крыўднае, беларускі народ.

Таму нічога дзіўнага, калі аб тое, што яшчэ завецца «беларускай літаратурай», выцірае ногі кожны, хто не лянуецца…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?