Анатоль Удавічэнка заўчасна пайшоў з жыцця 12 жніўня. Яму ішоў 56-ы год.
Фота Аляксандра Зянкова.
«З сыходам Анатоля Васільевіча, Толі, Толіка нечакана стала пуста. Калі сыходзяць такія людзі, пустэчу адчуваеш на фізічным узроўні.
У ім ніколі не адчувалася нянавісці, жоўці, нават калі з ім абыходзіліся жорстка, не па-людску. У 1996 годзе Анатоль Удавічэнка заснаваў незалежную газету «Борисовский курьер», якая назаўжды застанецца ў гісторыі рэгіёна як самая прафесійная, яркая і адважная.
У 2005 годзе яе закрылі як непажаданую – «супярэчыла дзяржаўным інтарэсам». Зачынілі бесцырымонна. Аднак усе тыя, хто калісьці працаваў пад кіраўніцтвам Анатоля Васільевіча, лічаць гэты перыяд, перыяд працы побач з ім самым лепшым у сваім жыцці.
Таму што не магло быць дрэнна, калі быў Удавічэнка. Ягоная неверагодная ўсмешка, ягонае цяпло, ягоная гатовасць прыйсці на дапамогу падкуплялі. З ім заўсёды было вельмі надзейна і камфортна.
4 гады таму лекары паставілі Анатолю Васільевічу страшны дыягназ – рак. Але з якім гонарам і спакоем ён трымаўся! Нават такі жорсткі прысуд не змог сцерці з твару гэту незабыўную ўсмешку.
Ён назаўжды застанецца з намі. Шкада толькі, што ўжо не абняць яго і не пачуць…», – узгадвае Анатоля Удавічэнку Людміла Атчанашанка.