На праспекце Пераможцаў у Мінску, сустрэліся два прыяцелі: лысы і сівы.
Лысы: Алег, ты?!
Сівы: Я! Віталік?
Лысы: Ён! Вось і пабачыліся. Не спадзяваўся, далібог не спадзяваўся!
Сівы: І я. Дык давай, братка, абдымемся: двадцаць гадоў мінула, як развіталіся.
Лысы: Двадцаць пяць.
Абдымаюцца.
Сівы: Але ты стаў здаравяк. А калісь шкілетам за вочы называлі.
Лысы: І ты, гляджу, не з галоднага краю прыбыў.
Сівы: Не, не з галоднага: часцяком думаеш, як не з’есці, чым наадварот. Ну, а як гэткі слаўны плех займеў?
Лысы: Хаха… А на сябе ў люстэрка даўно глядзеў?
Сівы: Што люстэрка, надысь у метро дзяўчына месца саступіла. Сядай, кажа, дзядуля, а то ножкі стаяць забаляць.
Лысы: І мяне даўно дзяўчаты ва ўтыль спісалі, я на іх нават увагі не звяртаю, каб не засмучацца дарэмна. Ну, дзе ты цяпер? З чаго жывеш? Ты ж пасля ўніверсітэта без следу прапаў.
Сівы: Я ж у Амерыку адразу падаўся, там і жыву. У горадзе СэнтПол, штат Мінесота. Дом, жонка, дзеці, сабака. Увогуле, стоадсоткавы янкі.
Лысы: А працуеш дзе — у газеце ці мо на тэлебачанні?
Сівы: Не, на будоўлі, муляр я.
Лысы: Хто? Муляр?
Сівы: Муляр, і, ведаеш, да таго напрактыкаваўся, што з заплюшчанымі вачыма быў сценку вымуроўваў. Ды вось якая гісторыя здарылася: з рыштаванняў упаў, чатыры рабры паламаў, нагу, руку выкруціў. Год па шпіталях, потым страхоўку выплацілі. Цяпер мільянер. Вось па свеце езджу, у Парыжы быў, у Рыме. Ну і пра родную старонку не забыўся. Пацягнула на вёску маленства зірнуць. Я ж з Мядзельшчыны, з Ліпнішак.
Лысы: І што, змянілася вёска?
Сівы: Ага, плот новы вакол могілак паставілі, а больш нічога. А ты?
Лысы: А што я, як і быў — тут усё.
Сівы: Працуеш?
Лысы: Вядома.
Сівы: І дзе, калі не сакрэт?
Лысы: Які там сакрэт — у сферы, так бы мовіць, жывёлагадоўлі асталяваўся.
Сівы: Ды ну цябе! Фермер?
Лысы: Не, на гаспадара завіхаюся.
Сівы: А што гадуеце?
Лысы: Рознае: трусоў, бараноў, казлоў, таксама аслоў.
Сівы: Аслоў?!
Лысы: Ага, і мулаў.
Сівы: А іх навошта?
Лысы: За цягавітасць і пакорлівасць.
Сівы: І добра зарабляеш?
Лысы: Грэх скардзіцца: катэдж пад Мінскам маю, джып «БМВ». Сына ў Англіі вучу, дачку. У Нямеччыне. Яшчэ палюбоўніцу завёў, бо якая ўжо з жонкі каханка… Цяпер во якраз ад яе. Марусяй клічу, як нашую выкладчыцу мовы. Памятаеш?
Сівы: Дзіва што! На Беларусі ўсе Марусі. Дык ты бос?
Лысы: Дзе там, просты клерк.
Сівы: Ого! Якая ж у вас, у такім выпадку, гаспадарка?
Лысы: Ды немалая, агулам некалькі мільёнаў галоў набярэцца, але дакладна невядома.
Сівы: Як гэта: хіба вы іх на Палессі, на балотах трымаеце, што няможна падлічыць?
Лысы: Не, тут, хоць і на Палессі, вядома, ёсць. Во глядзі (паказвае рукой на мінакоў на праспекце) — яны. Але некаторым усё нешта трэба, усё мала; увесь час гойсаюць тудысюды, шастаюць, як злодзеі, лётаюць, быццам ім маторчык у адно месца ўставілі…
Сівы: Чакайчакай, нешта я не дапетру: гэта ты пра што?
Лысы: Ну, ведаеш, зусім ты ў гэтай Амерыцы кемнасць згубіў (глядзіць на ручны гадзіннік). Ага, якраз трэцяя. Вунь на рагу «Гарызонт», падыдзем.
Ідуць да крамы, за вітрынай якой тузін уключаных тэлевізараў і ў кожным — Лысы.
Лысы (па тэлевізары): Со следуюшчего года работаем как в Фінляндіі. Такую задачу поставіл презідент во время посещенія Республіканского лесного селекціонносеменноводческого центра. В частності он сказал…