Цікавы ўсё ж здабытак прагрэсу — Фэйсбук. Соўгаешся па ім у пошуках «брыльянтаў», што накалупалі ў Сеціве твае «фрэнды», сочыш за ўсплёскамі іх думак… І нечакана трапляеш на чалавека, якога не бачыў, нават не згадваў усе 50 з гакам гадоў, з блаславёных часоў маладосці.

Ну, вядома, зноў «сябры» — добразычлівыя каментары, безліч лайкаў… І раптам — «…мы апынуліся па розныя бакі барыкады… Час парасстаўляе ўсё па сваіх месцах…»

«Барыкадай», не цяжка здагадацца, стала рознае стаўленне да падзей у Данбасе, увогуле ва Украіне.

Адна спадзяванка — на ўсёмагутны Час, які, па меркаванні нечаканага апанента, ізноў узнясе Расію на вяршыню Гісторыі. У якасці аргумента ён нават выбудаваў своеасаблівы гістарычна-пераможны ланцуг: 1612… 1812… Нібыта ў 2014-м не Пуцін выхваляецца «ўзяць Кіеў» за два тыдні, а Парашэнка наблізіўся да сценаў Крамля і чакае ключы…

«Барыкаднае» мысленне, заштампаваная спасылка на Час… Спрачацца ў такіх варунках бессэнсоўна. Адное што вымагае задумацца: ці сапраўды Час здольны парасставіць усё па сваіх месцах?

Вось паставіў жа, прабачце за таўталогію, у свой час Зямлю на жыццяздольнае месца ў Космасе. Пакуль не прыляціць чарговы за мільёны гадоў астэроід ды не зрушыць з таго месца і Зямлю, і чалавецтва з усім Часам ягонай гісторыі.

Ды што там доўгачаканы астэроід! З’явіцца такі маленькі чалавечак, падыдзе, нібы качаня, да маленькага кавалка Зямлі пад назвай, напрыклад, Крым, зрушыць на сваю карысць з месца, на якім, здавалася, той замацаваўся назаўсёды… І вось ужо не 50 мільёнаў загінулых, а нават падлічыць не выпадае, бо ўжо няма каму. І ніякі Час ужо не парасстаўляе ўсё на свае месцы…

Не перабольшвай, чуецца, не дуры. Ды не дуру я. Гэта Чаплін калісь дурыў. Памятаеце ягонага «Вялікага дыктатара», як той з зямным шарам забаўляўся?

Яно, увогуле, уласціва дыктатарам, хоць вялікім, хоць маленькім — забаўляцца з зямным шарам. Хто ў выглядзе глобуса на палову кабінета, хто — насамрэч…

Сёння, калі пішу гэтыя нататкі, чацвер, 18 верасня. У Шатландыі рэферэндум. Вынікі мне яшчэ невядомы. Але ці зрушыцца Шатландыя з месца, якое займала 300 гадоў, ці застанецца ў звыклай сістэме гістарычных каардынат, можа ўпэўнена сцвярджаць, што не Час расстаўляе ўсё па сваіх месцах, а людзі. Там, у Шатландыі — людзі.

А тут?

Тут — нейкія выпадковыя асобы. Спараджэнні людской ляноты і страху ўласна вырашаць свой гістарычны лёс. Што ж здзіўляцца, што забаўкі з зямным шарам здзяйсняюцца «ад імя» народаў і «ў імя» нібыта спрадвечных нацыянальных інтарэсаў!

Ну, вось паставіў, здаецца, Час на сваё месца нашу краіну, 75 гадоў як уз’яднаў усходніх і заходніх братоў.

Але што ні год, выбухае спрэчкамі, як ставіцца да таго ўз’яднання: як да здзяйснення спрадвечнай мары ці як да сталінска-гітлераўскага злачынства? Як да вызвалення з-пад польскага прыгнёту ці як да зняволення дыктатарскім рэжымам СССР?

Чаму?

Мо таму, што злачынствы, якімі суправаджалася ўз’яднанне, засталіся непакаранымі.

Непакараным застаўся рэжым, для якога канчатковым сродкам «ставіць усё на сваё месца» заўжды былі гвалт, вайна.

Рэжым, які ледзь што не па ім, вылупліваецца ў розных абліччах з непакаранага Зла.

…На адной з частак трыпціху, што займае ледзь не ўсю, ад падлогі да столі, сцяну ў новым памяшканні музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, чорнае Зло пранізвае дзідай нейкі кентаўр — ці то напалову зубр, ці то конь… «Рыцарам свабоды» назваў яго вядомы мастак Уладзімір Крываблоцкі. Не буду аспрэчваць метафару, мастакі бачаць свабоду па-рознаму. Дэлакруа ў выглядзе аголенай жанчыны на барыкадах, Крываблоцкі — у выглядзе страшыдлы-кентаўра на капытах. Глядзеў я на таго «вызваліцеля», і згадаўся эпізод, які распавяла мне аднойчы маці.

У верасні 1939 года яна, пакінуўшы дачку сябрам, рушыла з войскам ствараць і рэдагаваць у Пінску газету. Яна і сёння існуе, «Палеская праўда».

А тады, на адным з прапагандысцкіх заняткаў з працаўнікамі друкарні стары яўрэй-наборшчык запытаўся: «Мадам, я вас правільна зразумеў, што генеральная лінія партыі — гэта нібыта маставая?» — «Так, правільна». — «Але ж, мадам, па маставой ходзяць толькі коні. А людзі — справа і злева па тратуарах…»

У той жа дзень маці прыдбала ў мясцовай краме серабрыстыя туфлікі і сцягнула з ног вайсковыя боты. Так і хадзіла па пінскіх тратуарах — у шынялі і серабрыстых туфліках.

Нешта ж Час сапраўды расстаўляе па сваіх месцах. Мо і той след, што пакінулі тыя туфлікі ў верасні 1939 года…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?