Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

У суд як інстанцыю пошукаў «законнай справядлівасці» людзі звяртаюцца з рознымі праблемамі. Некаторыя грамадзяне ходзяць у суд як на працу. Адзін чалавек у Гомелі 12 гадоў судзіцца з прадпрыемствам, якое яго звольніла. Праз суд дзеляць сем’і, дзяцей, нерухомасць, грошы і нават месцы на могілках.

Калі нарматыў жылой плошчы для чалавека — 15 квадратных метраў, то на могілках кожны грамадзянін РБ пасля смерці мае права атрымаць участак 1,6 на 2,2 метра ці падвойны ўчастак плошчай 2,2 на 2,3 метра. На падвойным участку можна хаваць сваякоў: унукаў, бабуль, братоў, бацькоў, стрыечных пляменнікаў і так далей. Галоўнае, каб пахаванне адбылося ў згодзе з іншымі блізкімі сваякамі, якія не прэтэндуюць на дадзенае месца. Каб не было праблем, тыя, хто хавае сваіх блізкіх, даюць распіску аб тым, што ў выпадку ўзнікнення непаразуменняў паміж сваякамі з-за таго, хто мае большае права спачываць у дадзенай магіле, усе судовыя выдаткі бярэ на сябе сваяк памерлага.

Цяпер у адным з раённых судоў Гомеля разглядаецца грамадзянская справа па пазове жыхароў абласнога цэнтра да мужчыны, які без іх дазволу пахаваў сваю маці каля іх сваякоў. Па словах заяўнікаў, адказчык не меў такога права, бо не з’яўляецца іх сваяком і не ўзгадняў з імі пытанне пахавання сваёй маці.

Заяўнік сцвярджае, што ён пахаваў маці менавіта ў гэтым месцы таму, што выконваў яе апошнюю волю — яна пры жыцці прасіла сына пахаваць менавіта тут, каля сваіх знаёмых, магілы якіх прыбірала пры жыцці.

Мірным шляхам бакі не дамовіліся. Таму цяпер справу разглядае суд. Заяўнік патрабуе эксгумацыі жанчыны, якая памерла больш чым год таму. Калі адказчык прайграе суд, ён будзе вымушаны правесці эксгумацыю за свой кошт і выплаціць судовыя выдаткі.

Часам здараецца і такое, што блізкія людзі праз суд аспрэчваюць права адзін аднаго быць пахаваным каля, напрыклад, бацькоў. Прычым у судзе людзі часам апелююць такімі аргумента, як «ён маці не любіў, не клапаціўся пра яе, таму я павінна быць пахаваная там, а не мой брат».

Так, паўтара года судзілася ў розных інстанцыях жыхарка Гомеля са сваякамі яе брата-нябожчыка.

Калі памёр брат, яго пахавалі каля спачылых бацькоў. Сястра была супраць, бо меркавала, што яна і яе муж павінны там пасля смерці быць пахаваныя. Маўляў, пры жыцці бацькоў існавала такая вусная дамоўленасць: у выпадку смерці дачка зможа ляжаць побач з імі, як і яе муж. Тым часам брат памёр першым. Сястра ж пачала дабівацца праз суд яго эксгумацыі і перапахавання ў іншым месцы. Суду, можна сказаць, прапаноўвалася роля «ацэншчыка» ступені маральнасці і любові да бацькоў бакоў — вызначыць, хто (брат ці сястра) больш годны спачываць каля бацькоў.

Суд паставіў кропку ў гэтай працяглай справе такім чынам, што рацыю і права на пахаванне каля бацькоў мае той з дзяцей, хто першы пакінуў гэты свет. Прасцей кажучы: «Хто першы памёр, той і лёг».

* * *

На тую ж тэму: кампенсацыя за зніклую котку

Летам 2014 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаў грамадзянскі пазоў валанцёра па абароне жывёл да маладой жыхаркі абласнога цэнтра, якая ўзяла на «часовае захоўванне» (ператрымку) котку і не вярнула яе назад. Зніклая котка выступала ў судзе як «страчаная маёмасць», кошт якой быў ацэнены заяўнікамі ў мільён рублёў.

Паміж валанцёрам і адказчыцай была вусная дамоўленасць узяць да сябе жыць няшчасную котку. Абгаворвалася, што калі жывёла будзе паводзіць сябе дрэнна, то дзяўчына зможа вярнуць яе валанцёрам.

Але калі маладая жыхарка Гомеля паскардзілася валанцёрам на нягодныя паводзіны коткі і тыя прыехалі яе забраць — жывёла знікла. Котка, у мінулым — бадзяжная, недзе збегла, і дзяўчына не змагла яе вярнуць.

Суд палічыў пазоўныя патрабаванні неабгрунтаванымі і адмовіў у задавальненні пазову.

На тую ж тэму: 12 гадоў у судах

У пошуках «справядлівасці» грамадзяне не шкадуюць ні свайго часу, ні сродкаў. Так, 12 гадоў грукаецца ва ўсе інстанцыі 87-гадовая жыхарка Гомеля, якая спрабуе даказаць, што яе сын незаконна быў звольнены з працы ў 2002 годзе.

Мужчына працаваў кіроўцам на «хуткай дапамозе», і неяк яго абвінаваціла міліцыя ў крадзяжы паліва. Яшчэ да суду кіроўцу звольнілі «за дзеянні, якія з’яўляюцца падставай для страты даверу з боку наймальніка».

Маці былога кіроўцы, якая абараняе яго інтарэсы, не пагадзілася з такой фармулёўкай і пайшла па інстанцыях. Пачала з раённых судоў, дайшла да генпракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта. Сына на працы не ўзнавілі. Але свае намаганні і сёння не лічыць марнымі.

На пытанне, чаму за гэтыя гады сын не знайшоў іншую працу, жанчына адказвае: «А чаму ён павінен шукаць працу? Яго звольнілі незаконна, і таму ён не павінен ісці месці вуліцы!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?