Узровень выпускнікоў беларускіх ВНУ не адпавядае актуальным патрабаванням эканомікі, заявіў сёння на сустрэчы са студэнтамі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі памочнік Лукашэнкі — галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон.

«Калі выпускнікі гуманітарнай ВНУ на адной старонцы робяць тры памылкі, я лічу, гэта нейкі нонсэнс. На мой погляд, узровень выпускнікоў не адпавядае патрабаванням эканомікі», — сказаў Аляксандр Якабсон. Паводле яго слоў, маладыя людзі, каб разумець усе працэсы, што адбываюцца, дабіраюць веды ўжо на практыцы, калі прыходзяць на работу.

Пры паступленні студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы знойдзена бездакорная сістэма абароны: у ВНУ паступаюць толькі па ведах, — а вось якасць выпускнікоў, на жаль, у цэлым становіцца горшай, канстатаваў Аляксандр Якабсон. «Я так бачу гэту сітуацыю, сустракаючыся з маладымі людзьмі і тэхнічных, і гуманітарных ВНУ, хоць магу і памыляцца», — адзначыў ён.

Сустрэча студэнтаў з Аляксандрам Якабсонам адбылася сёння ў рамках праекта БРСМ «Адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня». Пытанні студэнтаў мелі сур'ёзны характар. Іх цікавіла эканоміка, дзяржаўнае кіраванне, адносіны ў працоўных калектывах, ідэалогія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?