lavanguardia.cat

lavanguardia.cat

Канстытуцыйны суд Іспаніі на экстраным пленарным пасяджэнні прыпыніў дзеянне ўказу аб правядзенні рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі 9 лістапада і закона аб апытаннях.

Прадстаўнік КС заявіў, што прыпыненне дасць час разгледзець аргументы адносна таго, ці стане каталонскае апытанне парушэннем нацыянальнай канстытуцыі.

У панядзелак Рада міністраў Іспаніі прыняла рашэнне звярнуцца ў Канстытуцыйны суд з нагоды законнасці запланаванага ўладамі Каталоніі плебісцыту аб суверэнітэце рэгіёну.

У красавіку парламент Іспаніі наклаў забарону на правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі.

Нагадаем, што ў суботу, 27 верасня, кіраўнік Каталоніі Артур Мас падпісаў указ аб правядзенні рэферэндуму. Аднак іспанскі прэм'ер-міністр Марыяна Рахой заявіў, што такое волевыяўленне «не адпавядае канстытуцыі Іспаніі.

«Нікому і нічому не будзе дазволена раскалоць Іспанію» —сказаў ён.

Прэм'ер-міністр выступіў у тэлезвароце па выніках экстранага паседжання ўрада краіны.

Нягледзячы на пярэчанні Мадрыда, Артур Мас сцвярджае, што рэгіянальнага заканадаўства цалкам дастаткова, каб галасаванне адбылося.

Каталонія з'яўляецца не толькі адным з самых багатых і індустрыяльна развітых, але і адным з самых вальнадумных рэгіёнаў Іспаніі.

Многія мясцовыя выбаршчыкі незадаволеныя сістэмай размеркавання падаткаў, што збіраюцца ў Каталоніі, значная доля якіх сыходзіць на фінансаванне больш бедных раёнаў краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?