Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка даў інтэрв'ю тэлеканалу «Еўраньюс». У якасці інтэрв'юера кіраўніка дзяржавы выступіў кіраўнік бюро «Еўраньюс» ва Усходняй Еўропе з офісам у Кіеве Серджыа Кантонэ, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У час інтэрв'ю, якое доўжылася паўтары гадзіны, пераважная колькасць пытанняў, адрасаваных кіраўніку Беларусі, датычылася сітуацыі ва Украіне.

Кіраўнік дзяржавы падзяліўся сваім бачаннем прычын, што прывялі да вострага ўнутрыпалітычнага крызісу ў гэтай дзяржаве, уключаючы ўзброенае процістаянне на паўднёвым усходзе Украіны. Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб практычных захадах, якія маглі б быць зроблены пры садзейнічанні міжнароднай супольнасці для хутчэйшага мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне ў інтарэсах усяго ўкраінскага народа.

«Калі гэты канфлікт (ва Украіне) знаходзіўся ў зародку, асобныя заходнія палітыкі задалі мне пытанне: «Як вы бачыце сітуацыю ва Украіне, што трэба зрабіць, каб спыніць гэту вайну?». Я, вядома, не хацеў дыскутаваць на гэту тэму, разумеючы, што гэта вынікаў не дасць, але тым не менш я ім сказаў, што ў мяне ёсць сваё бачанне і прапановы, каб нармалізаваць сітуацыю ва Украіне, поўнасцю нармалізаваць: і палітычную, і не давесці да вайны. І мы гэты план Захаду, не канкрэтызуючы на гэтым этапе, прапанавалі, будучы ўпэўненымі ў тым, што гэта не прывядзе да таго, што Захад з гэтым планам будзе згодны. Больш таго, я паабяцаў, што ў выпадку рэалізацыі прапаноў беларускага боку сітуацыя нармалізуецца ва Украіне, не гаворачы ўжо аб тым, што вайны не будзе. Захад не згадзіўся з гэтым планам. Значыць, камусьці выгадна так», — заявіў Лукашэнка.

Асобная ўвага ў ходзе інтэрв'ю была нададзеная важнейшай ролі на сучасным этапе моцных і адказных нацыянальных дзяржаўных інстытутаў, прызначаных ва ўмовах сур'ёзнага аслаблення традыцыйных інструментаў міжнароднага права не дапускаць хаатычнага, некіруемага развіцця грамадскіх працэсаў, якія часта прыводзяць да грамадзянскага процістаяння і канфліктаў са згубнымі вынікамі.

Плануецца, што інтэрв'ю кіраўніка дзяржавы выйдзе ў эфіры тэлеканала «Еўраньюс» у пятніцу, 3 кастрычніка 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?