Роўна праз тыдзень, 9 кастрычніка, у Стакгольме будзе абвешчана імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Пакуль жа букмекеры гадаюць, хто менавіта атрымае пачэсную ўзнагароду.

Варта адзначыць, што лідарства ў букмекерскіх рэйтынгах зусім не значыць канчатковую перамогу. Летась безумоўным фаварытам лічылася Святлана Алексіевіч з Беларусі, але прэмія дасталася канадцы Эліс Манро. А два гады таму на «першым» месцы быў японец Харукі Муракамі, але ўганаравалі кітайца Мо Яня.

1. Нгугі Ва Тхіёнга (Кенія, 76 гадоў) – 4 да 1

Літаратары з Афрыкі не атрымлівалі Нобель больш за дзесяць гадоў. А чарнаскурыя яшчэ болей – амаль трыццаць. Нгугі Ва Тхіёнга народжаны быў Джэймсам, але адмовіўся ад хрысціянскага імя на карысць традыцыйнага. Увогуле, тэма ўзаемаадносін кенійскага насельніцтва з хрысціянствам з’яўляецца адной з ключавых у творчасці Нгуні Ва Тхіёнга. Не дзіва, што ягоныя кнігі па-расейску выдаваліся яшчэ ў савецкі час. Сярод іншых тэм – антыкаланіяльная барацьба кенійцаў, набыццё краінай незалежнасці. У Кеніі Тхіёнга правёў год у турме за заклікі сярод сялян да палітычнай актыўнасці. Пасля гэтага перабраўся ў Англію, а яшчэ пазней — у ЗША. На сёння ён з’ўляецца прафесарам Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Ірвайне. Піша па-ангельску і на мове кікую.

2. Харукі Муракамі (Японія, 65 гадоў) – 5 да 1

Самае вядомае прозвішча ў спісе. Муракамі – аўтар надзвычай папулярны ва ўсім свеце. Ён пладавіты творца, які напісаў больш за трыццаць кніг. Шматслойныя тэксты Муракамі шануюць як інтэлектуалы, гэтак і масавыя спажыўцы. Проза японца вельмі меладычная, а сюжэтныя лініі нечаканыя і прадуманыя.

3. Ісмаіл Кадарэ (Албанія, 78 гадоў) – 7 да 1

Ён вучыўся ў маскоўскім Літаратурным інстытуце імя Горкага, пакуль албанскі дыктатар Энвер Ходжа не рассварыўся з Мікітам Хрушчовым, незадаволены лібералізацыяй жыцця ў СССР. У Маскве Кадарэ напісаў свой першы раман «Горад без рэкламы», які не прайшоў цэнзуру і выйшаў у свет толькі ў 1998-м годзе. Кадарэ жыў пры самым жорсткім таталітарным рэжыме ў Еўропе, але здолеў выйсці за рамкі сацрэалізму. Хаця былі ў ягонай біяграфіі і вершы-прысвячэнні Энверу Ходжы, каб пазбегнуць рэпрэсій. Праўда, не ўдалося: у 1975 годзе Кадарэ накіроўваюць у вёску, каб фізічнай працай выбіць лібералізм і заходнія ўплывы. Вядомасць яму прынёс раман «Генерал мёртвай арміі».

4. Асія Джэбар (Алжыр, Францыя, 78 гадоў) – 7 да 1

Яе кнігі таксама выдаваліся ў СССР аж да той пары, пакуль пісьменніца канчаткова не з’ехала з роднага Алжыра ў французскую эміграцыю. У цэнтры творчасці Джэбар — жанчына, арабская жанчына, яе нягоды і пазбаўленні. Кніга «Алжырскія жанчыны на сваёй палове дома» стала хітом у Еўропе. «Я пішу супраць рэгрэсіі і жанчынаненавісніцтва», — кажа Джэбар.

5. Джойс Кэрал Оўтс (ЗША, 76 гадоў) – 10 да 1

Першую кнігу выдала ў 1963-м, напісала каля 40 раманаў. Нарадзілася ў штаце Нью-Ёрк, мае венгерскае і яўрэйскае паходжанне. Кнігу «Аліса ў краіне цудаў» Оўтс называла «найбольшым скарбам майго дзяцінства, і самым глыбокім літаратурным уплывам жыцця». Выкладае ў Прынстанскім універсітэце. У ЗША Оўтс надзвычай папулярная пісьменніца, але пасля ўганаравання Эліс Манро шанцы амерыканкі на Нобель крыху ўпалі. Адзін з апошніх раманаў Оўтс, «Бландзінкі», быў прысвечаны Мэрлін Манро.

6. Адоніс (Сірыя, 84 гады) – 11 да 1

Адоніса ўжо шмат гадоў называюць сярод імаверных кандыдатаў, але далей справа не зрухваецца. У 1955-м годзе быў арыштаваны за ўдзел у Сірыйскай сацыяльнай нацыяналістычнай партыі, паўгода правёў у турме. Пасля вызвалення выехаў у Ліван. «Паэтыка Адоніса складаная, арыгінальная і выкшталцоная, яго вобразы амаль заўсёды здзіўляюць чытача, ствараючы незвычайную і нечаканую атмасферу; яго метафары нярэдка адчужаныя ад дакладнай рэальнасці і ўтвараюць уласны свет», — напісаў даследчык творчасці Адоніса С.Х.Джайусі.

7. Святлана Алексіевіч (Беларусь, 66 гадоў) – 11 да 1

Расейскамоўная пісьменніца з Беларусі. Летась яе кніга «Час second-hand» выйшла на асноўных еўрапейскіх мовах, атрымала добрую крытыку. Алексіевіч працуе ў жанры, дзе змешваецца мастацкая проза і журналістыка. Аднак варта заўважыць, што яшчэ ніколі ў гісторыі жанчыны не атрымлівалі Нобель два гады запар.

8. Адам Загаеўскі (Польшча, 69 гадоў) – 14 да 1

Апошнія гады Нобелеўскі камітэт не надта песціць паэтаў. За мінулыя 15 гадоў толькі адзін паэт (швед Томас Транструмер) атрымаў Нобеля. Загаеўскага добра ведаюць беларускія творцы, яго перакладалі на беларускую мову, ён таксама някепска знаецца ў нашых рэаліях. Загаеўскі нарадзіўся ў Львове, вучыўся ў Кракаве. Быў актывістам «Салідарнасці». Ад 1981 года ў эміграцыі ў Парыжы. Вярнуўся ў Польшчу толькі ў 2002-м. У паэзіі ён называе сябе вучнем славутага папярэдніка Чэслава Мілаша.

9. Філіп Рот (ЗША, 81 год) – 14 да 1

Класік амерыканскай літаратуры. Аўтар кніг «Амерыканская пастараль», «Мой муж – камуніст».

10. Бэй Дао (Кітай, 65 гадоў) – 16 да 1

Яго псеўданім значыць «паўночны востраў». У маладосці быў хунвэйбінам (актыўным правадніком палітыкі Культурнай рэвалюцыі). Пазней перагледзеў свае погляды. У 1976-м удзельнічаў у дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь. Вершы і апавяданні Бэй Дао перакладзеныя на 25 моваў свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?