Андрэй Макарэвіч разам з «Машиной времени», як і абяцалі афішы, прыехаў у Віцебск 2 кастрычніка, каб праспяваць у Летнім амфітэатры.

Канцэрт легендарнай «Машины времени» тут чакалі. Сведчанне гэтаму — больш за дзве тысячы гледачоў.

Апісваць канцэрт няма сэнсу, а вось падзяліцца самымі яркімі ўражаннямі, напэўна, варта. І калі гэтыя запісы разам з фотарэпартажам дапамогуць адчуць атмасферу канцэрту тым, хто на яго не патрапіў, ці дазволяць яшчэ раз перажыць прыемныя хвіліны фанатам — будзе выдатна.

На двары — не месяц май. У нізіне амфітэатра больш холадна і сыра, чым у горадзе, дзе, паводле метэастанцыі Віцебска, на момант канцэрту тэмпература апусцілася да 6,6°С. І лідэр гурта адразу звярнуў на гэта ўвагу. «Мы ж будзем тут скакаць і грэцца гарбатай, а вам давядзецца сядзець. Вы мужныя людзі, раз прыйшлі», — наважыў ён камплімент віцяблянам. А пасля двух першых песень папрасіў прынесці з грымёркі кепачку. Як прызнаўся Макарэвіч, да канцэрта ён палічыў яе не вельмі сцэнічнай. Але на сцэне памылку зразумеў: здароўе даражэй.

«Машина времени» спявала зусім розныя песні. Узгадваючы, дарэчы, і не самыя вядомыя з іх.

— Некаторыя песні я даўно не спяваў. Мне падалося, што яны састарэлі. А потым аказалася, што часы ніколі не мяняюцца. Яны проста ходзяць па коле, — падзяліўся Андрэй Макарэвіч і выканаў «Флаг над замком».

Нагадалі музыканты песню, напісаную да 15-годдзя гурта, песню, з кінафільма «Душа». Гучалі і новыя творы, сярод якіх «Праздник начинается сейчас» і «Крысы».

А вось хітамі «Машина времени» не асабліва радавала, ашчаджаючы іх да фіналу. Затое калі Андрэй Макарэвіч узяў «для старадаўніх песень старадаўнюю гітару, якая гучыць зусім па-асабліваму», яму з задавальненнем падпявалі. «Марионетки», «Кого ты хотел удивить», «Я пью до дна».

«Поворот», які зала перыядычна замаўляла на працягу ўсяго канцэрту, быў прыпашаны для першага фіналу. Выйшаўшы на біс, музыкі выканалі «Не стоит прогибаться под изменчивый мир» і, пад святло шматлікіх смартфонавых ліхтарыкаў, якія ўдала замянілі публіцы запальніцы, «Свечу».

Амаль дзве з паловай гадзіны якаснай жывой музыкі, сустрэча з кумірамі, прыемная атмасфера. Незадаволеных і тых, што датэрмінова пайшлі — няшмат. Тых, што скакалі і падпявалі — больш чым дастаткова. Значыць, канцэрт не толькі адбыўся, але і ўдаўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?