Герой «Байцоўскага гену» Сяргей Карнееў здабыў чарговую перамогу

У Беларусі адзначылі дзень народзінаў нацыянальнага бокса. 85 гадоў таму ў нас афіцыйна пачалі праводзіць двубоі па гэтым мужным відзе спорту. У краіне згадавалі двухразовага чэмпіёна СССР Анатоля Беразюка, чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў Сяргея Ляховіча, прызёра Алімпіяды Віктара Зуева. А сёння на авансцэну выходзіць зусім новая генерацыя байцоў.

2 кастрычніка на арэне сталічнага цырка з нагоды круглай даты правялі матчавую сустрэчу «Беларусь - Італія». У нашай камандзе прысутнічалі ўсе першыя нумары. Натуральна, выступаў і Сяргей Карнееў — зорка зборнай у вазе 91 кг, які быў мацнейшы за Нікола Барсоці. Што да ўсяго матчу, то нашы перамаглі з лікам 7:3.

Беларускія баксёры ўсё часцей ствараюць інфармацыйныя нагоды. У мінулым сезоне той жа Карнееў пераканаўча выступаў у складзе каманды «Украінскія атаманы» і быў мацнейшы за двухразовага чэмпіёна свету і двухразовага прызёра Алімпіяды Клементэ Руса.

Гэтым летам героі праекту «Байцоўскі ген» Сяргей Хаміцкі і Аляксандр Усцінаў трапілі ў эпіцэнтр сусветных скандалаў. Аднаго знялі з бою праз адматаны пластыр, а ад другога сапернік проста ўцёк у дзень выступлення. Справіцца з беларусамі пры дапамозе сумленных спартовых метадаў зорныя апаненты не змаглі.

«Пасля Алімпіяды ў Афінах 2004 года бокс у краіне выйшаў на так званае плато — усё ішло роўна, проста, але, на жаль, не было росту, — апісвае сітуацыю Дзяніс Сабалеўскі, выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса. — Але менавіта цяпер, у апошнія два гады, здарыўся пад’ём. У наступным годзе будзе праходзіць алімпійская кваліфікацыя, і мы плануем атрымаць як мінімум чатыры алімпійскія ліцэнзіі».

У прыватнасці, стаўкі робяцца на Міхаіла Даўгаляўца (75 кг), Вазгена Сафар’янца (60 кг) і, зразумела, Сяргея Карнеева, які стане героем наступнага выпуску «Байцоўскага гену».

«Байцоўскі ген« — праект кампаніі «Будзьма беларусамі!», мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А нашы героі зазвычай маюць унікальныя лёсы, вартыя ўвасаблення ў фільмах, кнігах, песнях ды прымаўках. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?