У канцы верасня Вярхоўны суд разгледзеў касацыйную скаргу 29-­гадовага жыхара Гомеля, які жорстка забіў свайго сына. Прысуд застанецца нязменны: 25 гадоў пазбаўлення волі. Дзіця — двухгадовае! — больш за 40 разоў ударылі рыбацкім нажом. У галаву, шыю, грудную клетку.

Забойца спрабаваў даказаць у судзе, што не памятае моманту злачынства, але аб'ектыўныя дадзеныя — доказы, вынікі экспертызы — сведчаць аб іншым. Так, абвінавачаны быў п'яны, але не настолькі, каб не ўсведамляць, што адбываецца.

Малады мужчына, «галава сям'і», перманентна нідзе не працаваў. Як сведчыла яго жонка на судзе: «Ён казаў, што працуюць толькі дурні». Піў, скандаліў. Жонка была вымушана выйсці на працу датэрмінова з дэкрэтнага адпачынку з­за хранічнага недахопу грошай. Двухгадовага сына глядзеў бацька, прычым сваім сваякам і знаёмым любіў скардзіцца: маўляў, вось, сына і кармлю, і гуляю з ім, а жонка сякая­такая. Жаліўся дарослы мужчыні на тое, што яму сумна, а жонка мала надае яму ўвагі.

11 студзеня маладая жанчына пайшла на працу. Хоць у яе і быў у гэты дзень выходны, але калега раптам захварэла і папрасіла яе падмяніць. Кабета згадзілася, але папярэдзіла, што выйдзе на замену толькі з дазволу мужа. Калега патэлефанавала, і той велікадушна даў дазвол жонцы папрацаваць.

Сам жа застаўся даглядаць сына, прычым не забыўшыся пахмяліцца зранку. Піў ён, па яго ж паказаннях, з 25 снежня, беспрабудна, аж да моманту жахлівага злачынства, Новы год і абодва Нараджэнні Хрыстовы.

«11 студзеня, прыкладна з 16 да 18 гадзін, абвінавачаны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, з асаблівай жорсткасцю, з­за раптоўнай непрыязнасці, нанёс нажом свайму малалетняму сыну 2011 года нараджэння множныя ўдары ў вобласць жыццёва важных органаў, а менавіта: не менш за 21 удар у грудную клетку, не менш за 6 удараў у галаву, не менш за 11 удараў у шыю, а таксама не менш 2­х удараў тупым прадметам. У выніку чаго ад атрыманых цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі вострую масіўную страту крыві, хлопчык памёр на месцы злачынства», — сведчыць абвінавачванне.

Па словах забойцы, ён прачнуўся ў сваёй кватэры, убачыў каля сябе нож і дзіця, якое не дыхала.

Праз п'яны туман усвядоміў, ці ўспомніў, што сам і здзейсніў жахлівае нечалавечае злачынства. Вырашыў забіць сябе — рэзаў вены, ды няўдала, пісаў бязглуздыя «перадсмяротныя» запіскі, у якіх нават абражаў жонку. На судзе даводзіў, што быў у афекце ці стане хваравітай псіхікі.

Потым патэлефанаваў жонцы, сказаў, што забіў сына. Прыехала міліцыя, супрацоўнікі якой сталі сведкамі жахлівай карціны: знявечанае цела дзіцяці, нож у крыві, п'яны забойца, які нешта балбатаў пра «чарцей і зданяў».

Па словах жонкі, абвінавачаны перыядычна прасіў яе схадзіць у краму і купіць гарэлкі. Калі яна адмаўлялася, пачынаў крычаць, скандаліць, мог і ўдарыць. Калегі маладой жанчыны сведчылі, што яна з'яўлялася на працу з сінякамі, па званку мужа бегла дахаты. Кабету суседзі і калегі характарызавалі станоўча, у адрозненне ад яе мужа. Той мог распачаць скандал ля пад'езда, напрыклад, за тое, што жонка неяк не так выкаціла каляску з дзіцём.

Маці маладой жанчыны сведчыла на судзе, што зяць не жадаў працаваць, казаў, што хворы, стараўся ва ўсіх выклікаць да сябе шкадаванне. На заўвагі цешчы пра ўжыванне спіртнога агрызаўся. Яе дачка, як потым сама прызнавалася, баялася мужа. Аднойчы ўцякла ад яго да маці. Ён прыехаў услед, пагражаў спаліць увесь пасёлак, калі жанчына не вернецца дахаты.

Маці абвінавачанага таксама дапыталі ў судзе. Жанчына паказала, што сын яе рос «звычайным чалавекам».

З рысаў характару можа адзначыць лішні, на яе погляд, педантызм да рэчаў і іх размяшчэння, раздражняльнасць з гэтай нагоды, якая знаходзіла выхад у крыку.

У дзень забойства абвінавачаны тэлефанаваў сваёй маці, скардзіўся, што яму сумна, няма з кім пагаварыць. Ён і раней настойліва патрабаваў ад сямейных увагі, рознымі спосабамі спрабаваў выклікаць шкадаванне.

Суд, зыходзячы з паводзін забойцы на следстве і судовым паседжанні, прыйшоў да высновы, што забойца не раскаяўся ў сваім злачынстве, толькі спрабаваў зменшыць пакаранне і ўхіліцца ад адказнасці, калі сцвярджаў, што нічога не памятае.

Эгаіст, лайдак і п'яніца, з аднаго боку, і цярплівая жонка, якая моўчкі зносіла яго выбрыкі. Гэтая сямейная драма, звыклая для многіх беларускіх сем'яў, мела трагічны, нечалавечы фінал.

* * *

Калі здараюцца трагедыі?

Па статыстыцы, у Беларусі большасць мужчын­агрэсараў — гэта беспрацоўныя, рабочыя ці пенсіянеры.

Большасць «бытавых» забойстваў здзяйсняюцца ў суботу і нядзелю, з 18 і да 24 гадзін.

Толькі за 8 месяцаў 2014 года ў Беларусі ў выніку сямейных скандалаў было забіта 49 чалавек, 68 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Амаль 90% агрэсараў — п’яныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?