Ёсць у рэвалюцыі пачатак, няма ў рэвалюцыі канца — гэтую тэзу можна прымяніць да рамонту, дасканаласці і да рэформ сістэмы адукацыі ў нашай краіне. Нягледзячы на нярадасныя вынікі цэнтралізаванага тэставання, міністр адукацыі не падзяляе песімізму выкладчыкаў ВНУ і «У Беларусі пакуль няма падстаў гаварыць пра зніжэнне якасці адукацыі», — заявіў Сяргей Маскевіч на канферэнцыі педагагічных работнікаў Магілёўскай вобласці.

Разам з тым, вынікі ЦТ, напрыклад, у Гомельскім універсітэце імя Скарыны сведчаць: пэўна, «штосьці не так». Амаль палова абітурыентаў, якія здавалі фізіку, не набрала і 15 балаў. Толькі шасцёра абітурыентаў атрымалі на ЦТ 91—100 балаў. Падобныя вынікі — і па матэматыцы: 45,7% абітурыентаў набралі ад 0 да 14 балаў, і толькі два чалавекі набралі 91—100 балаў.

Такія вынікі некаторыя выкладчыкі ВНУ звязваюць з тым, што не працуе, маўляў, сярэдняя школа, адкуль ва ўніверсітэты прыходзяць такія невукі. Настаўнікі, у сваю чаргу, наракаюць на нізкія заробкі і высокія, часам недарэчныя, патрабаванні, звязаныя з папяровай працай, дзеці — на тое, што шмат задаюць, нясмачна кормяць і наогул. Бацькі — на непамерныя зборы грошай на «патрэбы школы», і не толькі.

«Нацыянальная сістэма адукацыі развіваецца дынамічна»

«Штосьці не так» з сістэмай, дакладна. Заўважна гэта не толькі знізу, але і зверху: у верасні была створана рабочая група ўрада «для ажыццяўлення комплекснага аналізу сістэмы адукацыі». Узначаліў структуру віцэ­прэм’ер Анатоль Тозік. У склад рабочай групы ўвайшлі навукоўцы, практыкі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, мясцовых органаў кіравання.

Пры стварэнні рабочай групы віцэ­прэм’ер аптымістычна заявіў, што «нацыянальная сістэма адукацыі развіваецца дынамічна, забяспечваецца даступнасць і якасць адукацыі, расце яе аўтарытэт сярод грамадзян краіны».

Чыноўнік дадаў, што трэба з удзелам грамадскасці, педагагічных калектываў і бацькоў правесці комплекснае даследаванне адукацыйнай сістэмы, каб выявіць праблемныя пытанні.

Адказваючы на заклік Анатоля Тозіка, мы апыталі грамадскасць — а менавіта бацькоў школьнікаў, каб ад ускосных удзельнікаў навучальнага працэсу даведацца пра праблемы адукацыйнай сістэмы. 

Справа ва ўменні вучыцца

Дачка менеджара Юнэлі Сальнікавай вучыцца ў чацвёртым класе сярэдняй школы. Маруся не наведвала дзіцячы садок, таму бацькі турбаваліся адносна сацыялізацыі ў школе: ці атрымаецца наладзіць кантакт з аднакласнікамі, ці будзе слухацца настаўніцу? Але адаптацыя да школы прайшла ўдала дзякуючы таму, што клас на той час быў невялікі —каля 15 чалавек і настаўніца мела крэатыўны, сучасны падыход. Маці лічыць, што побытавыя пытанні школа задавальняе, ды і патрабаванні ў бацькоў сціплыя. Плюсам жанчына лічыць тое, што школа малая — каля 400 вучняў, «усе адзін аднаго ведаюць і гатовыя вырашаць пытанні без канфліктаў».

Прынцыповая рэч для бацькоў чацвёртакласніцы — гэта неабходнасць паважлівага стаўлення настаўнікаў да дзіця.

«Маруся мае няўрымслівы характар і абвостранае пачуццё абароны сваіх правоў, але да гэтага часу ўсе спагнанні атрымлівае толькі ў дзённік. То бок настаўнікі трымаюцца прафесійна і не дазваляюць сабе пазашкольных метадаў выхавання», —падкрэслівае Юнэля Сальнікава.

Цяпер, на пачатку новага навучальнага года, асноўныя турботы бацькоў — падтрымка матывацыі дачкі да вучобы. «Калі дзеці спажываюць інфармацыю з сотні розных крыніц, школа з’яўляецца далёка не прыярытэтнай з гэтых крыніц. Сучасныя дзеткі, даволі прасунутыя і разумныя, вымагаюць новых падыходаў і індывідуальных заданняў. Да прыкладу, з хатнімі заданнямі Маруся спраўляецца за паўгадзіны (разам з напісаннем у чарнавік і праверкай з боку дарослых), такім чынам выдаткоўваючы зусім невялікую частку сваёй энергіі і здольнасцяў на школу. Школе, як зрэшты і ўсёй адукацыйнай сістэме, варта развіваць і ўскладняць свае праграмы, каб адпавядаць узроўню сённяшніх вундэркіндаў, якія адназначна больш разумныя і здольныя за сваіх бацькоў», — упэўненая суразмоўца. Па яе меркаванні, спрашчаць ці ўскладняць беларускія праграмы не трэба — варта развіваць іх, адаптаваць пад выклікі і патрэбы часу і змяняць сам падыход, бо справа ж не ў колькасці ведаў, а ва ўменні вучыцца і арыентавацца ў сістэме ведаў.

Выкарыстоўваюць настаўнікаў

У юрыста Леаніда Судаленкі — чацвёра дзяцей, усе хлопцы. Два старэйшыя — дарослыя. Самы меншы — дашкольнік. Адзін сын наведвае сярэднюю школу, дзявяты клас. Галоўнай праблемай сучаснай школы Леанід Судаленка лічыць бясконцыя рэформы. А яшчэ адной праблемай называе выкарыстанне школьных настаўнікаў у палітычных мэтах. «Вясной падчас мясцовай выбарчай кампаніі я прыйшоў у кабінет дырэктара школы па яе запрашэнні, і ўбачыў стосы друкаванай прадукцыі на тэму выбараў, якія рупліва па стопках раскладвалі настаўнікі. Ды і ў час выбараў менавіта настаўнікі масава працуюць ва ўчастковых камісіях», — зазначыў юрыст.

Змагаюцца за лепшы кабінет

Малодшы сын барда Андруся Мельнікава ходзіць у восьмы клас. Прэтэнзіі бацькі — на вымаганне грошай з бацькоў на ўсялякія змаганні паміж настаўнікамі: у каго кабінет лепшы. «Калі б неабходнасць — адна справа, але тут рэч менавіта ва ўнутраным змаганні паміж настаўнікамі, каб атрымаць прэмію за лепшы кабінет і гэтак далей», — лічыць музыка.

Ён сам працаваў некалі ў той жа школе, дзе зараз вучыцца сын, і заўважае, што ўзровень ведаў вучняў зніжаецца.

«Бо апошнія два­тры гады там асноўнае пытанне не вучоба, а пастаянны ўдзел дзяцей у нейкіх спаборніцтвах, віктарынах, конкурсах —прадстаўляць школы на розных мерапрыемствах. І гэта ідзе не ад школы, а ад аддзелаў адукацыі. Могуць заганяць дзяцей на нейкія спартыўныя спаборніцтвы ў якасці гледачоў, і гэта — не на карысць навучальнага працэсу, канечне», —разважае Андрусь Мельнікаў.

Хатняя адукацыя

Жыхар Гомеля Мар’ян Голуб, бацька чатырох дзяцей, наогул вырашыў даць сваім дзецям адукацыю дома. Хатняе навучанне (афіцыйна называецца «навучанне па індывідуальным плане») атрымліваюць двое яго старэйшых сыноў васьмігадовы Антон і сямігадовы Максім. Такая форма навучання прапісана ў заканадаўстве. Дзеці прыходзяць у школу ў канцы чвэрці на кантрольныя работы па кожным прадмеце. Хатняй адукацыяй звычайна займаюцца бацькі, але ў выпадку з Максімам і Антонам з дзецьмі працуе педагог, які прыходзіць раз на тыдзень і тры гадзіны займаецца з двума дзецьмі. Хатняе заданне даецца на тыдзень. «Апроч таго, у нас няма праблем з чытаннем,часта наведваем бібліятэку. Хлопчыкі наведваюць спартыўныя секцыі, гурткі па маляванні і музыцы. Нас вельмі задавальняе, што пры такой форме адукацыі ў дзяцей шмат вольнага часу, таму яны могуць наведваць шмат гурткоў. Варта дадаць, што маладому бацьку не трэба хадзіць на працу з 9 да 17 штодзень, і таму ён можа больш займацца са сваімі дзецьмі.

Мар’ян пералічвае мінусы сучаснай школы: адсутнасць індывідуальнага падыходу, дэструкцыя творчых здольнасцяў, трансляцыя незразумелых каштоўнасцяў, ацэначная сістэма як гібельная і марная трата часу.

«На жаль, мы ў найбліжэйшых школах не знайшлі такога, што адпавядала б нашым патрабаванням», — тлумачыць бацька.

Па яго словах, калі разабраць штохвілінна, на што траціцца дзіцём час у школе, то акажацца, што большасць часу сыходзіць у нікуды.

Разам з тым, пераважная большасць жыхароў Гомеля, якія маюць дзяцей­-школьнікаў, ходзіць і ездзіць на працу, і таму мала хто можа дазволіць сабе раскошу перавесці дзіця на хатняе навучанне ці наняць яму няньку. Часам праз загружанасць бацькоў на працы атрымліваецца так, што дзеці самотна сядзяць дома пасля школы да позняй ночы. У ролі нянек і выхавацелек выступаюць ноўтбукі, смартфоны і іншыя падарункі (ці траянскія коні?) тэхнічнага прагрэсу.

Анекдот не ў тэму

«Як ты думаеш, што было б самым складаным патлумачыць чалавеку, які трапіў бы да нас на машыне часу з 1950 года?» —«Тое, што ў мяне ў кішэні ляжыць маленькі апарат, які мае доступ да любой інфармацыі ў свеце, а я праз той апарат гляджу здымкі коцікаў ці спрачаюся з незнаёмымі людзьмі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?