Работнікі сталічнага падраздзялення МНС у ноч з 8 на 9 кастрычніка выратавалі дзяўчыну, якая ледзь не ўпала з шостага паверха, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ноччу ў аператыўнае ўпраўленне мінскага падраздзялення МНС ад відавочцаў паступіла інфармацыя, што ў адным з вышынных дамоў па вуліцы Алтайскай на ўзроўні шостага паверха на прасцінах вісіць маладая жанчына. Да прыезду ратавальнікаў дзяўчына цудам спусцілася ніжэй — на знешні падаконнік акна на чацвёртым паверсе.

З-за прыпаркаванага ў двары транспарту работнікі МНС не змаглі разгарнуць каленчаты пад'ёмнік, каб спусціць дзяўчыну. Таму пад вокнамі дома была расцягнута пнеўматычная падушка для страхоўкі ад наступстваў магчымага падзення чалавека. Пры дапамозе штурмавой лесвіцы ратавальнікі перамясцілі дзяўчыну на балкон на пятым паверсе, які не быў зашклёны.

У гэты час экіпажы ДАІ вызвалілі дваровую тэрыторыю ад прыпаркаванага аўтатранспарту. Калі з'явілася свабоднае месца, супрацоўнікі МНС устанавілі каленчаты пад'ёмнік, з дапамогай якога дзяўчыну спусцілі на зямлю.

Акалічнасці здарэння высвятляе міліцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?