Рэвалюцыйных перамен у байнэце, напэўна, ужо не будзе. Такое меркаванне выказаў заснавальнік найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-партала tut.by 9 кастрычніка ў Мінску на брыфінгу ў межах штогадовай канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт», якая арганізуецца парталам. 

«Інтэрнэт — неад'емная частка жыцця. Аўдыторыя сёлета стабілізавалася. У інтэрнэт прыйшлі «старыя». Чамусьці дагэтуль ніводны вымяральнік не даследуе адмысловую аўдыторыю — дзяцей да 15 гадоў, хоць вельмі многія з іх карыстаюцца інтэрнэтам, і мы гэта ведаем», — адзначыў Зісер. 

«Але што мы бачым — павялічылася сутачнае спажыванне інтэрнэту. У сярэднім беларусы «ходзяць» у інтэрнэт праз дзень. Я думаю, што прагрэс у гэтым сэнсе будзе ісці», — мяркуе эксперт. 

Ён таксама звярнуў увагу на яшчэ адзін яўны трэнд развіцця інтэрнэту — на яго «мабілізацыю». «Пажылым, напэўна, цяжэй авалодаць мабільнымі прыладамі доступу ў інтэрнэт, але маладзейшыя ўсё больш карыстаюцца смартфонамі, планшэтамі для інтэрнэт-доступу. Так што «мабілізацыя» — гэта яўны трэнд, які працягваецца», — сказаў Зісер. 

«Інтэрнэт стаў штодзённасцю, і нейкіх рэвалюцыйных перамен, напэўна, ужо не будзе», — дадаў эксперт. 

Пры гэтым, паводле яго слоў, у беларускім інтэрнэце па-ранейшаму ўсё яшчэ вельмі мала грошай — гэта галоўны тормаз яго развіцця. 

«Вельмі мала беларускіх медыярэсурсаў могуць выжыць на рэкламныя грошы. Затое шмат грошай ідзе на камерцыю, гульні, паслугі і гэтак далей», — адзначыў Зісер. У гэтым кірунку, паводле яго меркавання, і варта чакаць далейшага развіцця байнэту. 

Як было паведамлена на «Дзелавым інтэрнэце» са спасылкай на звесткі даследаванняў кампаніі Gemius, колькасць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі за год практычна не змянілася і складае крыху менш за 5 мільёнаў. Узровень пранікнення інтэрнэту ў Беларусі складае 71%. Нягледзячы на невялікія тэмпы росту аўдыторыі, колькасць беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам штодня, вырасла на 15% і складае прыкладна 3 мільёны. 

Пры гэтым байнэт працягвае «старэць»: ва ўзроставай групе 15—74 інтэрнэт-карыстальнікаў 71%; 13% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў у свеце, якім больш за 55 гадоў, у Беларусі — 10%; кожны пяты пенсіянер у Беларусі карыстаецца інтэрнэтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?