На пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін СНД у Мінску 9 кастрычніка прыняты рашэнні па ўсіх 24 пытаннях парадку дня, паведаміў на выніковым брыфінгу кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, па ўсіх пытаннях адбылося «прадметнае, канкрэтнае, зацікаўленае абмеркаванне». «Ніякіх заўваг, агаворак або меркаванняў, альтэрнатыўных тым, якія ўтрымліваюцца ў рашэннях, не было выказана. Гэта гаворыць аб тым, што наша арганізацыя можа паспяхова і плённа ўзаемадзейнічаць», — лічыць Макей.

Ён падкрэсліў, што на пасяджэннях у вузкім і пашыраным складах абмяркоўваўся шэраг пытанняў, якія тычацца жыццядзейнасці СНД і грамадзян краін-удзельніц.

У прыватнасці, паведаміў Макей, прыняты праект звароту кіраўнікоў дзяржаў СНД да народаў краін СНД і сусветнай грамадскасці ў сувязі з 70-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Сёння мы бачым шэраг спроб сказіць нашу сумесную гісторыю, гісторыю Другой сусветнай вайны, абяліць нацызм, адрадзіць ідэалогію фашызму. Аб усім гэтым гаворыцца ў праекце звароту», — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі. Краіны СНД, дадаў ён, не дапусцяць «скажэння ўрокаў Другой сусветнай вайны».

Удзельнікі пасяджэння таксама абмеркавалі ход выканання плана па рэалізацыі канцэпцыі развіцця СНД. Былі ўхвалены праекты плана мерапрыемстваў у гуманітарнай сферы на 2015—2016 гады, які ўключае больш за 200 пунктаў, праекты праграмы па барацьбе з нелегальнай міграцыяй, канцэпцыі па барацьбе з гандлем людзьмі, зацверджаны пяць навуковых і адукацыйных устаноў у якасці базавых для падрыхтоўкі спецыялістаў краін СНД.

Міністры прынялі рашэнне аб інвентарызацыі дагаворна-прававой базы СНД. «Праца над гэтым вядзецца пастаянна, але ўжо больш за 200 дакументаў страцілі сваю сілу ў сувязі з тым, што прыняты больш познія дакументы. Гэтая сфера патрабуе асаблівай увагі», — сказаў Макей.

На сустрэчы таксама былі зацверджаны новыя сталіцы СНД у 2015 годзе — Варонеж (Расія) і Куляб (Таджыкістан).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?