Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка папрасіў прабачэння за свой асабісты няўдзел у саміце СНД у Мінску і прапанаваў Аляксандру Лукашэнку сустрэцца ў найбліжэйшы час ва Украіне. Тэлефонная размова лідараў дзвюх дзяржаў адбылася 9 кастрычніка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня саміту СНД у Мінску, які адбудзецца 10 кастрычніка. «Прэзідэнт Украіны выказаў прабачэнні ў сувязі з немагчымасцю асабіста прыбыць на пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і пераканаўча папрасіў прэзідэнта Беларусі як старшыню Садружнасці давесці пазіцыю Украіны да астатніх удзельнікаў сустрэчы. Інтарэсы Украіны на саміце будзе прадстаўляць пасол гэтай краіны ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні. 

Прэзідэнт Украіны таксама папрасіў давесці да ўдзельнікаў пазіцыю Украіны ў сувязі з падзеямі ў Луганскай і Данецкай абласцях. 

«Пятро Парашэнка праінфармаваў прэзідэнта Беларусі аб планаванай сустрэчы з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным, якая павінна адбыцца ў найбліжэйшы час. Паводле інфармацыі Пятра Парашэнкі, у ходзе гэтай сустрэчы будзе абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў украінска-расійскага парадку дня, уключаючы спыненне ўзброенага супрацьстаяння на паўднёвым усходзе Украіны», — паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка. 

Прэзідэнты Беларусі і Украіны таксама абмеркавалі праблематыку двухбаковага супрацоўніцтва. Пётр Парашэнка прапанаваў Аляксандру Лукашэнку сустрэцца ў найбліжэйшы час на тэрыторыі Украіны і разгледзець комплекс пытанняў двухбаковых адносінаў і міжнароднага парадку дня. 

Свой удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 10 кастрычніка ў Мінску пацвердзілі прэзідэнты 10 з 11 краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Украіна будзе прадстаўлена паслом Міхаілам Ежалем, які 9 кастрычніка ўдзельнічаў у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?