фота з сайта sk.gov.by

фота з сайта sk.gov.by

У сталіцы ад ужывання «спайсаў» загінулі яшчэ два маладыя чалавекі. Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску высвятляюцца абставіны смерці двух маладых людзей, як мяркуецца звязаных з перадазіроўкай псіхатропнымі рэчывамі, паведамляецца на сайце Следчага камітэта.

Следча-аператыўная група працуе на месцы здарэння — у адным з інтэрнатаў у Кастрычніцкім раёне сталіцы. Раніцай 19-гадовы хлопец пабачыў, што двое яго суседзяў па пакоі не падаюць прыкмет жыцця.

Медработнікі, што прыехалі на месца здарэння, канстатавалі смерць маладых людзей 1995 і 1992 г.н., якія былі рабочымі вытворчых прадпрыемстваў горада.

У ходзе першапачатковых следчых дзеянняў устаноўлена, што напярэдадні вечарам хлопцы праз Інтэрнэт набылі ў неўсталяванай асобы курыльную сумесь. Забраўшы «спайс» з тайніка ў іншым раёне, прывезлі яго ў інтэрнат, дзе і ўжылі.

Кастрычніцкім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці двум асобам) і ч. 3 арт. 328 (незаконны абарот асаблiва небяспечных псіхатропных рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Па ўзятых з месца здарэння рэчыўных доказах прызначаны экспертызы, паведамляе прэс-служба СК.

Акрамя таго, Галоўным следчым упраўленнем працягваецца актыўная праца па расследаванні крымінальных спраў, звязаных з папярэднімі фактамі смерцяў маладых людзей ад ужывання псіхатропных рэчываў. Затрыманы шэраг збытчыкаў, якія зараз даюць паказанні.

Звяртаецца ўвага, што ў маладзёжным асяроддзі працягваецца папулярызацыя курыльных сумесяў (так званых «спайсаў», «міксаў», «марак») як сродкаў расслаблення і атрымання задавальнення.

Пры гэтым яны пазіцыянуюцца як цалкам легальныя і бясшкодныя для здароўя чалавека. Аднак смерці 11 маладых людзей, што паверылі ў гэта, кажуць пра адваротнае — гэта небяспечныя рэчывы, якія здольныя прывесці да непапраўных наступстваў — ад парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы, звар'яцення да смяротнага выніку, падкрэслівае прэс-служба Следчага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0