Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін хоча, каб Малдова ўслед за Украінай адклала імплементацыю эканамічнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Пра гэта ён сказаў у Мінску на саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД.

«Расія вяла інтэнсіўныя кансультацыі з Еўрасаюзам і Украінай. У выніку атрымалася дамовіцца адкласці да 31 снежня 2015 года прымяненне эканамічнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі. А дзе ж была Малдова, чаму мы з Малдовай не маглі выбудаваць такія адносіны? Мы хацелі і шмат разоў звярталіся за гэтым, але, на жаль, выразнага адказу ад нашых малдаўскіх сяброў так і не атрымалі», — сказаў Пуцін.

Паводле яго слоў, да гэтага тэрміну трэба ўрэгуляваць рознагалоссі, якія маюцца, знайсці кампрамісныя развязкі.

«Лічым, што ў гэтым зацікаўленыя ўсе без выключэння краіны-ўдзельніцы Дагавора аб зоне свабоднага гандлю Садружнасці», — сказаў ён.

Пуцін падкрэсліў, што адзначаецца пэўнае зніжэнне аб'ёмаў узаемнага гандлю ўнутры СНД. У першым паўгоддзі тавараабарот паміж краінамі знізіўся на 9% — да $111 млрд. За той жа перыяд 2013 г. ён складаў $123 млрд, аб'ём гандлю за ўвесь мінулы год склаў 235 млрд, сказаў ён.

«Гэтыя лічбы шмат у чым тлумачацца неспрыяльнай знешняй кан'юнктурай, але не толькі. Яны таксама з'яўляюцца следствам змены эканамічных прыярытэтаў некаторых удзельнікаў Садружнасці. Тут малдаўскі калега казаў аб дзеяннях Расіі ў сувязі з падпісаннем Малдовай пагаднення (аб асацыяцыі) з Еўрасаюзам. Мы ніколі не былі праціўнікамі збліжэння з Еўрасаюзам і самі хочам збліжацца. Пытанне — ва ўмовах нашага супрацоўніцтва. І праблемы ствараюцца не ў сувязі са зваротнымі і ахоўнымі мерамі Расійскай Федэрацыі, а ў сувязі з тым, што нашы партнёры не лічаць патрэбным своечасова, адкрыта, поўнафарматна, прадметна і прафесійна абмяркоўваць усе рызыкі, якія ўзнікаюць для расійскай эканомікі і для іншых краін Садружнасці ў сувязі з дзеяннем норм зоны свабоднага гандлю пасля далучэння нашых калег да іншых гандлёва-эканамічных аб'яднанняў», — заявіў Пуцін.

Пуцін лічыць, што трэба думаць пра тое, якое ўздзеянне зробяць гэтыя дакументы, падпісаныя з калегамі ў Еўропе, на ўласны рынак. «Як будуць пранікаць еўрапейскія тавары на нашы рынкі, які аб'ём тавараў пад выглядам мясцовай прадукцыі можа апынуцца на расійскім і іншых рынках зоны свабоднага гандлю СНД — вось пра што гаворка. І калі б мы гэта рабілі своечасова, то не было б ніякіх праблем», — лічыць ён.

«Гэта тычыцца і Малдовы, гэта датычыцца і Украіны. Ажыццявіць паўнавартасную гарманізацыю дакументаў, падпісаных нашымі калегамі, з прававой базай СНД, перш за ўсё з Дагаворам аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года, — няпростая задача. Са свайго боку гатовыя працаваць над яе рашэннем, каб не згубіць партнёрскія сувязі ў прамысловасці, фінансах, сельскай гаспадарцы і транспарце, якія склаліся ў рамках Садружнасці», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?