10 кастрычніка — Сусветны дзень супраць смяротнай кары. У офісе праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Мінску адбылася выніковая прэс-канферэнцыя кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі». 

Як заявіў намеснік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч, з пачатку 2014 года ў Беларусі было прыведзена ў выкананне два смяротныя прыгаворы і яшчэ двое асуджаных знаходзяцца ў камеры смяротнікаў. 

«З 2010-га па гэты год нам вядома аб пакаранні смерцю дзевяці чалавек, — падкрэсліў ён. — Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў пяці выпадках смяротная кара была прыменена нягледзячы на тое, што былі зарэгістраваны індывідуальныя звароты прыгавораных у Камітэце па правах чалавека ААН і ў дачыненні да гэтых зваротаў была распачата працэдура № 92 ААН. Гэта значыць, што беларускія ўлады былі інфармаваныя камітэтам аб атрыманні гэтых зваротаў і аб тым, што прыгаворы не могуць быць прыведзены ў выкананне да разгляду зваротаў». 

Акрамя таго, адзначыў Стэфановіч, Вярхоўны суд у якасці апошняй судовай інстанцыі працягвае прыгаворваць да вышэйшай меры, прысуд набывае моц адразу пасля абвяшчэння і касацыйнаму абскарджанню не падлягае. «Што і адбылося ў справе Кавалёва і Канавалава, якія былі пакараныя на працягу двух месяцаў пасля вынясення прыгавору», — падкрэсліў праваабаронца. 

«Мы заклікаем Беларусь да таго, каб яна змяніла працэдуру выканання смяротнага прыгавору, якая не раз прызнавалася Камітэтам па правах чалавека ААН як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, — сказаў Стэфановіч. — Гэта і нявыдача цел пакараных сваякам, неўказанне месца пахавання, непаведамленне родным пра час і месца пакарання». 

У рэкамендацыях, якія будуць прадстаўлены праваабаронцамі краінам, якія ўваходзяць у Камітэт па правах чалавека ААН, будзе просьба аб тым, каб Беларусі было рэкамендавана ратыфікаваць другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначыў Стэфановіч. Такім чынам Беларусь узяла б на сябе абавязацельствы па ўвядзенні мараторыя на смяротную кару і змяніла заканадаўства. 

«Не можа краіна быць членам Савета Еўропы без мараторыя на смяротную кару», — дадаў праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?