Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пацвердзіў, што сустрэнецца з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным у Мілане на наступным тыдні.
«У мяне будзе сустрэча з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Мілане», — сказаў на брыфінгу ў Харкаве украінскі прэзідэнт.
Паводле яго слоў, галоўнае пытанне перамоваў у Мілане — мір. «Ключавое і галоўнае пытанне — гэта мір. Ролю РФ у пытанні міру, як вы разумееце, пераацаніць складана. І сёння мы ставім пытанне пераходу ад заяваў да канкрэтных крокаў», — сказаў Парашэнка.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, цяпер на ўсходзе Украіны дзве галоўныя задачы - мір і закрыццё мяжы з Расіяй.
У Мілане 16-17 кастрычніка пройдзе саміт АСЕМ.
Таксама Парашэнка заявіў, што Украіна і Расія блізкія да вырашэння газавага пытання.
«Мы зараз вельмі блізкія да таго, каб урэгуляваць пытанне газавай спрэчкі з Расійскай Федэрацыяй. Я спадзяюся, што значны прагрэс будзе прадэманстраваны 17 кастрычніка ў Мілане», — сказаў кіраўнік Украіны, адказваючы на пытанні журналістаў.
Парашэнка адзначыў, што пытанне газавай бяспекі будзе абмяркоўваць разам з пытаннямі Мірнага плана і выкананнем Мінскіх дамоўленасцей.
«Мы лічым, што прапановы Украіны выразныя і грунтоўныя. Мы ўпэўненыя ў тым, што мы наблізіліся да вырашэння гэтага пытання», — сказаў Парашэнка.
У той жа час прэзідэнт назваў праблемным забеспячэнне газам акупаваных тэрыторый. «Наяўныя грошы там у людзей збіраюцца, а Украіне не перадаюцца. Таксама востра стаіць пытанне забеспячэння электраэнергіяй, вуглём. Пытанні энергетыкі і міру з'яўляюцца вельмі ўзаемазлучанымі», — падкрэсліў Парашэнка.





