Сёння Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. Ім стаў 60-гадовы Леанід Анфімаў. «НН» прапануе цікавыя факты з біяграфіі чыноўніка.

Працаваў пастухом

Леанід Анфімаў нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Сіма Юр'еў-Польскага раёна Уладзімірскай вобласці (Расія). Кажа, што пачынаў працаваць пастухом у вёсцы. Справа ў тым, што пасля 10 класа ён не паступіў ва ўніверсітэт і з’ехаў да бабулі ў вёску, дзе трэба быў пастух. «Рабіць было няма чаго, боўтаўся на канікулах. Пасвіў 30 коней і 20 жарабятаў», — расказваў Анфімаў.

Пасля пайшоў працаваць на завод Грамадзянскай авіяцыі ў Мінску, быў электрамеханікам.

Скончыў Політэхнічны інстытут. «Не таму, што я хацеў быць металургам, але мой аднакласнік угаварыў паступаць разам. Сказаў мне, што праз пяць гадоў пасля размеркавання мы станем дырэктарамі заводаў», — расказваў сп.Анфімаў.

Па размеркаванні ён трапіў на МАЗ. Служыў у войску афіцэрам у Мар’інай Горцы.

«Урэшце мяне запрасілі ў Заводскі райкам партыі ў прамыслова-транспартны аддзел. З гэтага і пачаўся кар’ерны ўзлёт», — расказвае Анфімаў.

Далей была праца ў Мінгарвыканкаме. З красавіка 2006 Анфімаў — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У снежні 2010 стаў намеснікам старшыні КДК.

Быў сябром Грамадзянскай партыі

У пачатку 1990-х Леанід Анфімаў стаяў ля вытокаў стварэння Грамадзянскай партыі (якая ў будучыні пераўтворыцца ў АГП). Анфімаў, дарэчы, разам з сённяшнім старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапіра, уваходзіў у Нацыянальны камітэт партыі.

Тагачасны сустаршыня Грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў кажа: «Толькі добрае магу сказаць. Чалавек заўсёды быў перадавых поглядаў. Ён рыначнік, ліберал. Праўда, я ўжо шмат гадоў з ім не бачыўся і не размаўляў. Пры ім Камітэт дзяржкантролю не павінен пераўтварацца ў зброю супраць няўгодных».

Дарэчы, калі Анфімаў увайшоў у Грамадзянскую партыю, ён ужо працаваў у Мінгарвыканкаме. У той час яшчэ рэальна было сумяшчаць сяброўства ў апазіцыйнай партыі і чыноўніцкую працу. «Я не памятаю, каб ён пісаў заяву на выхад, ці рабіў нейкія гучныя заявы. Хутчэй за ўсё, ён па-ранейшаму лічыцца сябром АГП», — кажа сп.Шлындзікаў.

Атрымаў участак у Вяснінцы

Не так даўно чыноўнік атрымаў участак для будаўніцтва ў мінскім элітным мікрараёне Вяснінка. Гэта ўсяго за кіламетр ад Драздоў, на беразе мясцовага вадасховішча. Аднак будоўлю ён пакуль што не пачынаў.

Пакуль што сям’я Анфімава жыве ў трохпакаёўцы на вуліцы Козыраўскай, недалёка ад Чэрвеньскага рынку.

Жонка новага старшыні КДК Вера Анфімава робіць дабрачынныя ахвяраванні на аперацыі дзецям.

Прадказваў падзенне Амерыкі

У 2011 годзе, у самы разгар беларускага валютнага крызісу, Леанід Анфімаў у праграмнай публікацыі ў «Советской Белоруссіі» паспрабаваў адказаць на глабальныя пытанні, што робіцца ў сусветнай эканоміцы. Для Анфімава было відавочна, што ўсе негатыўныя тэндэнцыі ідуць з ЗША. А ў процівагу ставіўся азіяцкі аўтарытарны капіталізм кітайскага кшталту.

Анфімаў заклікаў сусветную супольнасць «не дапусціць палітычны і эканамічны катаклізм планетарнага маштабу, які выкліча падзенне Амерыкі. Захад гэтай імперыі ўжо пачаўся», — выказваў меркаванне чыноўнік.

Анфімаў параўнаў ЗША з Рымскай імперыяй, Персіяй, Залатой Ардой, Аўстра-Венгрыяй, Велікабрытаніяй пачатку XX ст. Пра СССР ён сціпла змаўчаў.

Вудзіць рыбу з Лукашэнкам?

Аляксандр Фядута ў адным з артыкулаў пра беларускую чыноўніцкую эліту падзяліўся гісторыяй пра поспех Леаніда Анфімава. Нібыта Лукашэнка вудзіць рыбу з Анфімавым. «Уявіце сабе, колькі важных рэчаў могуць «прамаўчаць» паміж сабой двое аднагодкаў, седзячы на беразе, дзе толькі яны — і рыба», — напісаў Фядута. 

Праўда, пацвердзіць такія звесткі немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?