У адной са школ Сімферопальскага раёна ў Крыме настаўнікі сабралі падручнікі і кнігі на ўкраінскай мове і знішчылі на вачах вучняў.
Пра гэта напісаў сябра Меджліса крымскататарскага народа Эскендэр Барыеў у Facebook.
Ён цытуе ўражанні 8-гадовага школьніка, навучэнца адной са школ Сімферопальскага раёна:
«У нашай школе сабралі падручнікі і кнігі на ўкраінскай мове і пра Украіну. Зрабілі звалку. І на вачах у школьнікаў пачалі ірваць. Некаторыя вучні хацелі забраць кніжкі дадому, ім не дазволілі. Да знішчэння кніг прыцягвалі навучэнцаў. Некаторыя вучні адмаўляліся. Мне ўдалося выцягнуць і выратаваць адну кніжку, гэта быў украінска-англійскі слоўнік. Хацеў яшчэ выцягнуць, не атрымалася…»
Барыеў падкрэсліў, што «гэтым займаюцца настаўнікі».
«Гэта не першы выпадак, калі знішчаюць літаратуру на ўкраінскай і крымскататарскай мовах (дзяржаўных у Крыме). Таксама знішчалі кнігі на крымскататарскай мове пасля анексіі Крыма ў 1783 годзе», — дадаў ён.





