«Наша Ніва» публікавала мой папярэдні допіс, але з купюрамі і каментарамі, кшталту «далей можна ўжо не чытаць». 

Я звяртаюся да рэдакцыі НН з тым, каб апублікаваць тэкст «Моя страна сошла с ума» цалкам і без цэнзуры, без з'едлівых дадаткаў (чытачы самі разбяруцца, ці чытаць далей) і з маім загалоўкам.

Нагадаю, што ў 2013 годзе НН назвала мяне «Асобай года» за грамадзянскую чыннасць. Калі ўжо асоба года не зможа выказаць альтэрнатыўнае меркаванне ў газеце, то хто можа?

Кацярына Кібальчыч у Фэйсбуку

Ад Рэдактара. Мы з задавальненнем публікуем допіс Кацярыны Кібальчыч у стужцы найгалоўных матэрыялаў, хоць і ўпэўненыя, што яна дэманструе ў ім крайнюю наіўнасць, трапіўшы ў палон расійскай прапаганды.

З задавальненнем — бо захапляемся тым, што яна зрабіла ў мінулым, і разумеем, што погляды могуць і павінны быць рознымі.

У сваю чаргу, прапануем Каці перадрукаваць на сайце Першага канала адказ шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько, які быў дадзены ёй у Фэйсбуку (глядзіце яго ўнізе пасля артыкула Кібальчыч).

У «Нашай Ніве» можна знайсці самыя розныя погляды. На Першым канале альтэрнатыўнага погляду на падзеі ва Украіне няма ані кроплі.

Нагадаю, што ў 2006 годзе я атрымаў прэмію расійскага Першага канала «За мужнасць і прафесіяналізм» за сваю чыннасць. Калі ўжо лаўрэат прэміі канала не зможа выказаць альтэрнатыўнае меркаванне на ім, то хто можа?

Андрэй Дынько

Ніжэй — артыкул спн.Кібальчыч.

Пытанне тыдня. Хто на фотаздымку побач з мной? 

а) Ватнікі, б) узброеныя трактарысты, в) партызаны г) тэрарысты, д) апалчэнцы, е) Banditen? 

Варта зрабіць галасаванку.

Пакуль прыстойныя людзі, блізкія да мяне, вымушаныя пісаць у фэйсбуку «сын за отца не отвечает», адэпты сэкты «пуцінх*йло» шлюць мне абразы і пагрозы. 

Ведаеце, я зрабіла дзве істотныя памылкі. Але пра гэта ніжэй. Добра, што вы прачыталі мой папярэдні тэкст — шкада, што не захацелі падумаць. Разумею, што думаць цяжка, таму коратка і тэзісна, ужо без метафараў і сцёбу. 

Пазіцыя мая не столькі палітычная, колькі этычная: нельга скакаць на стадыёне і пісаць, што адбываецца свята, калі ідзе грамадзянская вайна і столькі ахвяраў з абодвух бакоў. Гэта катастрофа, трагедыя. І ў чалавека з душой і розумам не можа быць адчування «кайфу і эйфарыі». 

Сумленнаму чалавеку немагчыма падтрымаць на 100% адзін з бакоў у такой складанай сітуацыі. У той жа час — кожны бок варта намагацца зразумець. І ні ў якім разе не называць людзей ватнікамі і каларадамі ці майдаўнамі і ўкропамі. Бо гэта дэгуманізацыя апанента, якая вядома да чаго можа прывесці. 

Нельга пераставаць сумнявацца. 

Нельга будаваць еўрапейскую дзяржаву недэмакратычнымі метадамі, на несправядлівасці і злачынствах. Бо тады навошта яна?

На мацерных вершыках не будуецца нацыянальная ідэнтыфікацыя беларуса. 

Беларуская мова без палітыкі і без антырускасці — гэта не «заходнерускі фальклёр», як кажуць некаторыя польскія дзеячы. Наша мова і культура самакаштоўныя. І мая матывацыя займацца беларусізацыяй — любоў да свайго, роднага.

Наконт рэцэнзіі на артыкул пра стадыён. Я зрабіла памылку, якую прызнаю. Мне здавалася, усе разумеюць — ва Украіне ідзе грамадзянская вайна. Для мяне, чалавека які быў у Данецку не раз, гэта факт. Апалчэнцы — мясцовыя жыхары (за рэдкім выключэннем). Яны карыстаюцца вялікай падтрымкай насельніцтва Данбаса. 

Другі міт (які я магу пазней аргументавана зняпраўдзіць на падставе дадзеных ААН, АБСЕ, з храналогіяй і з маімі ўласнымі назіраннямі. Не пашкадую часу на артыкул) — перакананне ў тым, што «спярша расійская армія ўварвалася, а толькі тады Кіеў паехаў на танках». Выявілася, менавіта так бачыцца карціна большасцю дэмакратычна настроеных грамадзянаў. Я нават не здагадвалася пра глыбіню такіх перакананняў. Высветлілася, што трэба тлумачыць і гэты момант. Што я мела на ўвазе, калі напісала пра «еўрапейскія каштоўнасці на танках»? 

Калі ўвесну ў Данецку, Луганску і іншых гарадах стаялі Антымайданы, новай уладзе трэба было ехаць і дамаўляцца-дамаўляцца-дамаўляцца, даваць гарантыі захавання правоў. Я сама размаўляла з людзьмі ў Данецку ў сярэдзіне красавіка — яны гатовыя былі застацца ЎУраінай пры пэўных умовах. Трэба было з імі размаўляць. А не ставіць ваяўнічы ўльтыматум і дазваляць актывістам Еўрамайдану жорстка збіваць кандыдата ў прэзідэнты Алега Царова. Ён можа нам з вамі не падабацца, але гэта быў афіцыйна зарэгістраваны кандыдат, да якога на той час прыслухоўваўся Данбас. Яго збілі, прынізілі, знялі майткі. Гэта было ў будынку тэлекампаніі ў Кіеве, куды міліцыя не прыехала, хоць яе выклікалі. Ніхто не панёс адказнасць. Вы лічыце, што кандыдата збілі правільна? Ат, праблема, «бедный кандидат» напісаў мне адзін супрацоўнік Белсата. Той самы, які быў сведкам брутальнага збіцця Някляева. І што мы з вамі адчувалі, калі ў 2010 чулі ад Лукашэнкі: «Подумаешь, дали по голове! Ты же мужик»? Ці мы не зазнавалі прыніжэнне і жудасную гвалтоўную несправядлівасць?

У красавіку 2014 на плошчы Данецка яшчэ сядзелі бяззбройныя людзі. Іх ўжо тады (можаце спраўдзіць па архівах СМІ) называлі тэрарыстамі і каларадамі. Ім паставілі ўльтыматум: разысціся з плошчы, вызваліць захоплены будынак, інакш абяцалі танкі з Кіева. Як гэта Януковіч не дадумаўся да такога «элегантнага» вырашэння «пытання Еўрамайдану»?

І што ж адбылося? Адчуўшы пах палёнага, з Расіі прыехалі некалькі тузінаў авантурыстаў імперскіх перакананняў (Стралкоў і К), якія разам з напалоханымі данбаскімі антымайданаўцамі і значнай часткай мясцовых праваахоўнікаў спачатку захапілі арсеналы міліцыі і СБУ ў Славянску, а потым паступова займелі зброю з вайсковых складаў і пакінутых частак. Ужо падчас АТА неаднаразова фіксаваліся пераходы байцоў на бок паўстанцаў разам з тэхнікай. Паходжанне, бадай, кожнай адзінкі тэхнікі сепаратыстаў вядомае, пытанне вычарпальна асвятляецца ў шматлікіх крыніцах (можна пачаць ад англамоўнай вікіпедыі і нават справаздачаў украінскага войска). Доказаў жа прысутнасці мітычных «сотняў расейскіх танкаў», акрамя начных допісаў у фэйсбуку Авакава, няма.

Калі мы баімся паўтарэння ўкраінскага сцэнару ў Беларусі, трэба дбаць не столькі пра тое, каб Расія не дапамагала сепаратыстам, колькі пра тое, каб сепаратыстаў сярод уласных грамадзянаў не магло быць. Не дзяліць грамадства на «сапраўдных беларусаў», «прарасейскіх акупантаў», «здраднікаў, якія страляюць у народ». Бо мы ЎСЕ народ. І я народ, і вы. Разумееце?

Я пішу вам пра гэта, бо ўжо сорамна маўчаць. І ведаю, што ў Беларусі ёсць людзі з падобнымі меркаваннямі, але яны баяцца выказвацца. Не дзіўна — паглядзіце на колькасць агрэсіўных каментароў, з матам і пагрозамі мне. А тыя, хто выказваюцца, пра што яны пішуць? Адны — агрэсіўна кпяць з ватнікаў і горача падтрымліваюць АТА і «Воинов Света», іншыя ўпарта маўчаць, посцяць коцікаў і фоткі з вандровак. Некаторыя інтэлектуалы з гонарам расказваюць гісторыі пра акты дэфекацыі на Краснай плошчы ў Маскве. Мне пішуць, што большасць думае інакш, таму я не маю рацыю і павінна маўчаць. «Моя страна сошла с ума»? Дзе плюралізм думак? Дзе імкненне да дыялогу? Дзе спробы ўзважанага аналізу? У Беларусі, дзякуй Богу, не ваенны стан. Мы можам уважліва назіраць, спачуваць людзям і рабіць высновы. 

Прызнаваць ДНР і прызнаваць факт існавання ў Данбасе людзей з сваімі поглядамі, гісторыяй і правамі — розныя рэчы. 

Чаму я больш увагі надзяляю пазіцыі менавіта жыхароў Данбаса, а не Кіева? Таму, што яе ў беларускай прасторы больш НІХТО не тлумачыць.

Сваю пазіцыю па мове я адкрыта выказвала яшчэ да Украіны. На першым занятку «Мова ці кава» у лютым 2013 разам з студэнтамі быў прыняты галасаваннем Статут курсаў, дзе пункт №1 «Мы талерантна ставімся да людзей з рознымі палітычнымі поглядамі». І невыпадкова!

Бо мова — агульнанацыянальная каштоўнасць, здольная аб'яднаць краіну. Я не стамляюся гэта паўтараць.

Сябры і знаёмыя раней настойліва казалі мне, што «людзі гета» няздольныя вывесці мову з гета. А я спрачалася, што толькі ў супрацы людзей з розным лёсам і поглядамі можна ратаваць мову.

Зараз гучаць заклікі байкатаваць курсы. Калі выявіцца, што рабіць курсы з ідэяй «мова яднае, мова для ўсіх» далей немагчыма — што ж, мы спрабавалі. Я патраціла на курсы амаль 2 гады жыцця, свае час, грошы і нервы. Але гэта таго было варта.

* * *

Ніжэй — адказ Андрэя Дынько з Фэйсбука:

Каця, усё проста. Расія развязала вайну. Адарвала ад суседняй краіны землі з насельніцтвам 6 мільёнаў чалавек. Пры гэтым загінула 4000, а можа быць і 6000 чалавек. Маладых, прыгожых, са сваімі марамі. Ляжаць, гніюць. Таму што Расіі мала адной шостай сушы. Трэба яшчэ, яшчэ. Вось таму харкаўскія фанаты прыдумалі гэтае «Пуцін — х*йло». Гэта іх браты ляжаць забітыя, спаленыя расійскімі «Градамі». Гэта іх зямлю забралі, таму што на ёй былі пляжы, вугаль і газ, а гэтага ў Расіі яшчэ мала, мала. 

І яны прыдумалі гэтую песню, у якой адчайны выклік. Вы нас забіваеце, мы безабаронныя перад вашай армадай, у нас няма ракет, толькі ржавыя старыя БТРы, але мы з вас смяёмся. Так смяецца падлетак, якога б'е банда. Вы мяне ў гразь мачаеце, вы мяне б'яце нагамі, а я ўсё адно не заплачу, усё адно не папрашу літасці. Ла-ла-ла-ла.

Юрый [Зісер], бываюць выпадкі, калі ёсць чорнае і белае. Вы ж не шукаеце нюансаў і адценняў у анексіі Судэтаў. Няма чаго шукаць адценняў і ў анексіі Крыма і захопе Данбаса. Часам шуканне «адценняў» роўнае подласці.

І, Юрый і Каця, у нас, беларусах, украінцах, літоўцах і паляках, ёсць вострая памяць пра 1930, 1937 і 1941-1945. Мы занадта добра помнім, калі быць свядомым беларусам, украінцам, палякам, літоўцам азначала смяротны прысуд. І ў тым, што гаворыць твой, Каця, Першы канал, мы чуем рэфлектарна знаёмыя сабе словы. І так, нам прыкра, што ты гэтага не асудзіла, хай нават намёкам, хай нават прыватна. Значыць, мы ведаем гэта з 1930 і 1937, калі нас прыйдуць забіваць, ты будзеш на баку забойцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0