Мінфін РФ ацэньвае страты расійскага бюджэту ад адмены мытных выключэнняў паміж Расіяй і Беларуссю ў $700 млн у 2015 годзе, паведаміў журналістам 15 кастрычніка ў Маскве намеснік міністра фінансаў Сяргей Шаталаў.
«Нашы дадатковыя страты на ўзроўні дзесьці $700 млн», — сказаў ён.
Міністр фінансаў Антон Сілуанаў гаварыў раней, што адмова ад пераліку Беларуссю ў Расію экспартных пошлін на нафтапрадукты за 2015 год ужо часткова ўлічана ў праекце бюджэту на наступны год, астатняя ж частка, паводле яго слоў, нязначная і не прывядзе да змянення параметраў бюджэту.
Шаталаў удакладніў, што агульная сума пошлін, якія застануцца ў бюджэце Беларусі ў 2015 годзе, — $1,5 млрд. «Палітычныя рашэнні прынятыя, засталося далей збалансаваць бюджэт», — сказаў намеснік міністра. Паводле яго слоў, міжурадавае пагадненне аб адмене мытных выключэнняў паміж дзвюма краінамі, хутчэй за ўсё, будзе падпісана да канца кастрычніка.
Як паведамлялася, у верасні стала вядома, што расійскі ўрад унёс у Дзярждуму законапраект, які плануе рэалізаваць у наступным годзе так званы падатковы манеўр (рэзкае зніжэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў).
29 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што запланаваны Расіяй падатковы манеўр у нафтавай галіне можа прывесці да значных страт для Беларусі і стварыць праблемы ў функцыянаванні Еўразійскага эканамічнага саюза. Паводле ацэнак беларускіх улад, страты Беларусі з-за правядзення Расіяй падатковага манеўру маглі скласці каля $1 млрд.
На мінулым тыдні стала вядома, што Беларусь настойвае на кампенсацыі страт, выкліканых падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі. У прыватнасці, беларускі бок прапанаваў поўнасцю залічваць у беларускі бюджэт вывазныя пошліны на нафтапрадукты, якія належаць Расіі да 2017 года.
7 кастрычніка па выніках сустрэчы Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева стала вядома, што расійскі бок пагадзіўся кампенсаваць страты, выкліканыя падатковым манеўрам.





