Міністр абароны Злучаных Штатаў Чак Хэйгел, выступаючы ў сераду на штогадовым сходзе Асацыяцыі Арміі ЗША, заклікаў амерыканскіх ваеннаслужачых быць гатовымі да таго, каб «мець справу» з расійскай арміяй, якая стаіць «на парозе НАТА».

«Патрабаванні да войска (ЗША) станавяцца ўсё больш разнастайнымі і складанымі. Пагроза з боку тэрарыстаў і мяцежнікаў будзе існаваць для нас яшчэ доўгі час, але мы таксама павінны мець справу з рэвізіянісцкай Расіяй, з яе сучаснай і баяздольнай арміяй, якая стаіць на парозе НАТА», — цытуе Хэйгела ТАСС.

Паводле яго слоў, у цяперашні час доступ да разбуральных тэхналогій і магутных узбраенняў маюць не толькі дзяржавы, але таксама і «недзяржаўныя суб'екты».

«Прывід так званай гібрыднай вайны становіцца ўсё большы, калі нашы праціўнікі ўжываюць тактыку паўстанцаў, выкарыстоўваючы пры гэтым добра забяспечаныя ўзброеныя сілы і складаныя тэхналогіі», — сказаў Хэйгел.

Ён паведаміў, што ў зоне адказнасці Ціхаакіянскага камандавання ВС ЗША служаць 80 тысяч салдат, у зоне Цэнтральнага камандавання — 40 тысяч. Яшчэ 28 тысяч вайскоўцаў служаць у Еўропе, а таксама тысячы ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы, дадаў Хэйгел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?