Беларуская мова па-за палітыкай — гэта нонсэнс. Прынамсі, на сучасным этапе яе развіцця. Бо па-за палітыкай не могуць быць мовы, спіхнутыя на ўзбочыну грамадскага жыцця ў тым ліку (а мо і перадусім) дзеля адпаведнай паслядоўнай дзяржаўнай ПАЛІТЫКІ (прытым палітыкі не нейкіх старадаўніх часоў, а цалкам актуальнай і сёння). Беларуская мова — адзін з яскравых прыкладаў менавіта такіх моў, напісаў у сябе ў фэйсбуку гісторык Алесь Пашкевіч.
Таму, калі свядома да гэтага імкнуцца, палітычны фактар у арганізацыі і правядзенні курсаў «Мова ці кава» (ці любых іншых падобных) можна звесці да нейкага мінімуму, але цалкам яго выключыць, цалкам пра яго забыцца — немагчыма. І нічога тут не зробіш. Не мы такія — жыццё такое.
Таму падзеі апошніх дзён, звязаныя з курсамі «Мова ці кава» (ці хутчэй з іх заснавальніцай) — цалкам лагічныя і натуральныя.
Не варта дзеля таго па гэтых курсах надта і плакаць. Проста перагарнулася яшчэ адна старонка ў гісторыі барацьбы за захаванне беларускай мовы. Думаю, далёка не апошняя.





